3 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці пачалася актыўная прыёмка аздараўленчых лагераў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік прадстаўніцтва "Віцебскае абласное ўпраўленне Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва" Алена Андрэйкава.
"Падрыхтоўка лагераў да летняга перыяду праводзілася ва ўстаноўленыя тэрміны, без збояў. У бліжэйшыя два тыдні будзе весціся іх актыўная прыёмка", - сказала Алена Андрэйкава, адзначыўшы, што ў сувязі з умоўмі надвор'я графік пачатку аздараўлення дзяцей у Віцебскай вобласці быў некалькі зрушаны з тым, каб ахапіць большую частку жніўня.
У пачатку чэрвеня плануецца адкрыць 806 лагераў дзённага знаходжання, у якіх за лета адпачнуць больш за 30 тыс. дзяцей і падлеткаў. Масавыя заезды школьнікаў у 35 стацыянарных лагераў з кругласутачным знаходжаннем запланаваны на 16-18 чэрвеня. Пры гэтым адным з першых сярод іх 31 мая адкрыўся лагер "Дружба" у Шумілінскім раёне. У першую змену сваё здароўе тут паправяць 130 дзяцей. Усяго за лета стацыянарныя лагеры прымуць 21,1 тыс. навучэнцаў.
Цалкам сезон летняга аздараўлення школьнікаў у вобласці адкрыецца 20 чэрвеня. На падрыхтоўку лагераў у Віцебскай вобласці са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання было выдзелена Br636 млн., абласнога бюджэту - Br1,1 млрд. Каля Br2,5 млрд. накіравалі ўласнікі і Br300 млн. - райвыканкамы. Акрамя таго, са сродкаў, заробленых жыхарамі рэгіёну на рэспубліканскім суботніку, Br800 млн. асвоены на падрыхтоўку лагераў "Лянок", "Чайка", "Луч", "Лугаўцы", "Лясная казка", Br2,2 млрд. - на добраўпарадкаванне лагера "Віцязь".-0-