Як адбываецца нарыхтоўка бярозавага соку і ці можна праводзіць яе самастойна, а таксама дзе можна набыць напой?
Як адбываецца нарыхтоўка бярозавага соку і ці можна праводзіць яе самастойна, а таксама дзе можна набыць напой?Сёлета сокавы сезон пачаўся пазней звычайнага з-за халоднага надвор'я, бо сокарух адбываецца толькі з прыходам цяпла. Аднак жадаючых набыць карысны напой нямала. У Віцебскім лясгасе адзначаецца актыўны попыт на бярозавы сок.
– На сённяшні дзень лясгасам рэалізавана каля 9 тон бярозавага соку, мы спадзяемся, што сокарух будзе працягвацца яшчэ паўтары-два тыдні, – паведаміў інжынер па ахове і абароне лесу Віцебскага лясгаса Дзмітрый Збуржынскі.
Каб не нашкодзіць дрэвам і атрымаць якасны прадукт, існуе шэраг правіл па зборы лекавага напою. На ўчастку Віцебскага лясніцтва, адведзеным пад высечку галоўнага карыстання, за выкананнем усіх гэтых правіл сочыць ляснічы Аляксандр Смагаржэўскі.
– Нарыхтоўваць сок можна з бяроз, якія будуць спілаваны на працягу пяці гадоў, а іх дыяметр павінен складаць не менш за 20 см. У дрэве робіцца адтуліна глыбінёй 3 – 5 см на адлегласці 25 – 30 см ад камля, устаўляецца жолаб, па якім будзе сцякаць сок, падвязваецца мяшок, у які будзе назапашвацца напой, – тлумачыць тэхналогію збору ляснічы.
Работнікі лясгаса збіраюць сок па меры напаўнення мяшкоў, кожны дзень прадукт адпраўляецца да спажыўца. Таксама яго можна набыць прама на месцы нарыхтоўкі, як гэта штогод робіць Юлія Паўлава.
– Вельмі зручна, што сок нарыхтоўваюць ляснікі і прама тут яго можна набыць. Прыязджаем сюды кожны год, бо бярозавы сок – гэта натуральны прадукт, ужыванне якога прыносіць карысць для арганізма, – сказала яна.
Але не ўсе жыхары паўночнага рэгіёна прытрымліваюцца правіл нарыхтоўкі. Нядаўна ў Віцебскім лясгасе злавілі парушальніка, які нелегальна здабываў сок.