9 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці пачалася падача цяпла ў аб'екты сацыяльнай сферы, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкама Анатоль Судак.
На падставе рашэння аператыўнай групы Віцебскага аблвыканкама з 8 кастрычніка ў рэгіёне пачалося паэтапнае ўключэнне ацяплення дзіцячых садкоў, школ і бальніц. З сённяшняга дня па рашэнні старшыні аблвыканкама ў пералік гэтых аб'ектаў увайшлі таксама ВНУ, установы прафтэхадукацыі і іх інтэрнаты. "Уключэнне ацяплення ў адпаведнасці з устаноўленым парадкам пачынаецца пры ўсталяванні сярэднесутачнай тэмпературы паветра плюс 10 градусаў і ніжэй на працягу пяці дзён, аднак з-за моцнага пахаладання было прынята рашэнне не чакаць гэтага перыяду", - адзначыў Анатоль Судак.
Падключэнне жылога фонду пачнецца пасля паніжэння сярэднесутачнай тэмпературы да 8 градусаў цяпла на працягу пяці дзён. Па прагнозах сіноптыкаў, чакаць гэтага засталося нядоўга. Так, за мінулыя суткі ў Віцебску сярэднесутачная тэмпература склала 8,1 градуса, па вобласці - 6-7 градусаў вышэй за нуль. Як паведамілі ў Віцебскім абласным цэнтры па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя, у бліжэйшы час у рэгіёне захаваецца ўмерана халоднае надвор'е з начнiмi тэмпературамi плюс 1-6 градусаў (пры праясненнях магчымы замаразкі), дзённая складзе 5-10 градусаў вышэй за нуль.-0-
БЕЛТА
У Віцебскай вобласці пачалася падача цяпла ў аб'екты сацыяльнай сферы
9.10.20120 праглядаў