20 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці пачалі актывізавацца Дзеды Марозы і Снягуркі. Сёння пасля працяглага летняга адпачынку галоўныя героі навагодніх святаў апрануцца ў свае парадна-выхадныя касцюмы і памераюцца майстэрствам на конкурсе ў Палацы творчасці дзяцей і моладзі Віцебска, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове.
Абласны этап рэспубліканскага агляду-конкурсу Дзядоў Марозаў і Снягурак "Елка-Фэст - 2012" збярэ 12 пар казачных персанажаў, якія прадстаўляюць Чашніцкі, Ушацкі, Віцебскі, Талачынскі, Сенненскі, Глыбоцкі раёны, Віцебск і Полацк. Гэта пераможцы зональных тураў конкурсу. Каб адстаяць сваё званне, у Віцебску ім трэба будзе прайсці шэраг конкурсаў, якія ўключаюць дэфіле (выхад Дзяда Мароза і Снягуркі з дэманстрацыяй касцюмаў), сюжэтна-гульнявую праграму, творчы нумар (танцавальны, вакальны, інструментальны і інш.). На агляд-конкурс запрошаны школьнікі, эмоцыі якіх таксама стануць адным з крытэрыяў для членаў журы пры выбары лепшай пары.
Пераможцы будуць вызначаны ў дзвюх намінацыях: "Дзед Мароз і Снягурка года" і "Лепшая сюжэтна-гульнявая праграма". Акрамя іншых узнагарод, яны прадставяць Віцебскую вобласць на рэспубліканскім туры конкурсу, які адбудзецца 14 снежня ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ў Мінску.
Агляд-конкурс праводзіцца з мэтай пошуку новых творчых метадаў і прыёмаў у арганізацыі і правядзенні традыцыйных навагодніх мерапрыемстваў пры арганізацыі змястоўнага вольнага часу дзяцей і моладзі, абмену вопытам работы. Да ўдзелу ў ім запрошаны работнікі ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.-0-
БЕЛТА
У Віцебскай вобласці пачалі актывізавацца Дзеды Марозы і Снягуркі
20.11.20120 праглядаў