3 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці пачалі закрывацца лясы для грамадскага наведвання, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным вытворчым лесагаспадарчым аб'яднанні.
Першым у рэгіёне свае лясы для наведвання закрыў Лепельскі раён. Цяпер аналагічнае рашэнне рыхтуюцца прыняць Шаркаўшчынскі, Глыбоцкі, Сенненскі, Дубровенскі, Аршанскі, Віцебскі раёны. "У дадзеных рэгіёнах устаноўлены 4 клас пажаранебяспечнасці", - падкрэслілі ў ВВА, заклікаўшы насельніцтва часова ўстрымацца ад паходаў у лес. У выпадку выяўлення пажараў ВВА просіць паведамляць аб гэтым у бліжэйшыя лясгасы, на тэлефон гарачай лініі ВВА 8-0212-24-34-18 або на тэлефоны аператыўных службаў УУС, МНС.
Трэці клас пажаранебяспечнасці цяпер у Верхнядзвінскім, Гарадоцкім, Полацкім, Докшыцкім і Пастаўскім раёнах. Тут таксама ў бліжэйшы час магчыма абмежаванне наведванняў лясоў.
З улікам ускладненай абстаноўкі ВВА прынята рашэнне аб узмоцненым патруляванні ляснога фонду, пазначэнні ўездаў спецыяльнымі знакамі аб забароне наведванняў, закрыцці шлагбаўмаў, штодзённым падвойным аблёце лясоў. Таксама яшчэ вясной праведзена папярэдняя праца па ўзаемадзеянні і абмене аператыўнай інфармацыяй з зацікаўленымі ведамствамі Смаленскай вобласці Расіі ў рамках супрацоўніцтва па папярэджанні лясных пажараў.
Усяго ў бягучым годзе з пачатку пажаранебяспечнага перыяду (з 30 красавіка) у Віцебскай вобласці адбылося 17 выпадкаў узгарання ў лясах на плошчы 2,62 га. За распальванне вогнішчаў у лясах і парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах і на тарфяніках да адміністрацыйнай адказнасці з накладаннем штрафаў прыцягнута 32 чалавекі.
БЕЛТА
У Віцебскай вобласці пачалі ўводзіць забарону на наведванне лясоў
3.8.20120 праглядаў