10 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці пачалося паэтапнае падключэнне цеплазабеспячэння ў жылым фондзе, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік начальніка ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкама Сяргей Пуцілоўскі.
"З улікам прагназуемага паніжэння тэмпературы ў бліжэйшы час аператыўная група Віцебскага аблвыканкама 9 кастрычніка прыняла рашэнне аб уключэнні ацяплення ў жылым фондзе рэгіёна, не чакаючы ўстаноўленага нарматывам тэрміну", - адзначыў Сяргей Пуцілоўскі.
Цяпло прыйдзе ў дамы жыхароў Віцебскай вобласці на бягучым тыдні. Уключэнне цеплазабеспячэння будзе ажыццяўляцца паэтапна на працягу трох дзён. Наступны тыдзень зоймуць работы па гідраўлічнай наладцы сістэм. Апошнімі да цяпла падключаюцца прамысловыя, адміністрацыйныя і офісныя будынкі.
У цяперашнім ацяпляльным сезоне ў Віцебскай вобласці будзе дзейнічаць 448 цеплакрыніц. Усе асноўныя работы па іх падрыхтоўцы выкананы. Завяршаюцца работы па пераводзе пяці кацельняў на мясцовыя віды паліва з механізаванай загрузкай на цеплакрыніцах у населеным пункце Бабінічы Аршанскага раёна (усталёўваюцца два катлы магутнасцю 3 МВт кожны), Ліёзна (кацёл на 2 МВт), Бешанковічах (2 катлы агульнай магутнасцю 5 МВт), на Цэнтральнай кацельні ў Бароўцы Лепельскага раёна (два катлы па 2 МВт) і ў Полацку (два па 3 МВт). Увесці ў эксплуатацыю кагенерацыйную ўстаноўку ў пасёлку Руба пад Віцебскам магутнасцю 2 МВт плануецца ў пачатку лістапада. Для праходжання міжсезоннага перыяду нарыхтаваны дастатковы аб'ём паліва, запасы якога папаўняюцца.-0-
БЕЛТА
У Віцебскай вобласці пачалося падключэнне цеплазабеспячэння ў жылым фондзе
10.10.20120 праглядаў