10 сакавіка, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Раёны Віцебскай вобласці пачынаюць актыўную падрыхтоўку да веснавых палявых работ, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама.

На гэтым тыдні элітагаспадаркі рэгіёну прыступаюць да пратручвання насення збожжавых культур. На палі пад вясновы сеў уносяцца хларысты калій і арганічныя ўгнаенні - гэтыя работы ўжо праведзены на 179 тыс. га і 25,4 тыс. га адпаведна. А вось з назапашваннем мінеральных угнаенняў цяпер у рэгіёне адчуваюцца праблемы. "У гаспадаркі паступіла 33,2% ад неабходнай колькасці мінеральных угнаенняў. Гэта на 2% больш, чым было на гэту ж дату ў мінулым годзе. Але вясной 2013 года гаспадаркі рэгіёну атрымалі магчымасць забяспечыць сябе насеннем за кошт замежнай крэдытнай лініі, якая была адкрыта з сярэдзіны сакавіка. Сёлета такога фінансавання не плануецца", - адзначылі ў аблсельгаспрадзе, падкрэсліўшы, што гаспадаркі змаглі назапасіць толькі 19% азотных і 12% фосфарных угнаенняў. Лепш складваецца сітуацыя з калійнымі ўгнаеннямі, забяспечанасць імі ў рэгіёне складае 58%.

Для забеспячэння гаспадарак палівам выдзелена Br10 млрд льготных крэдытаў, такую ж суму аблсельгаспрад выдзяляе на буйны рамонт тэхнікі, які вядзецца на Віцебскім маторарамонтным заводзе.

У гаспадарках рэгіёну вядзецца падсейба шматгадовых траў - работы ўжо выкананы на 7 569 га (12% ад задання), ідзе перабіранне насенных фондаў бульбы (адсартавана 6,4% пасяўнога матэрыялу).

Што тычыцца тэрмінаў пачатку пасяўной кампаніі, то спецыялісты адзначаюць, што ўсё залежыць ад надвор'я. "Для Віцебшчыны прагноз няўцешны. Да канца тыдня чакаецца да 10 градусаў марозу і снег. Калі такое надвор'е пратрымаецца 2-3 дні, вялікіх праблем не будзе, а калі снег затрымаецца да двух тыдняў, то нас чакаюць сумныя наступствы: загінуць азімыя, якія дзякуючы высокім тэмпературам апошніх дзён пачынаюць вегетыраваць", - растлумачылі ў аблсельгаспрадзе і дадалі, што гэтай зімой у рэгіёне ўжо загінула 35 тыс. га азімых збожжавых і 25 тыс. га азімага рапсу.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)