22 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці найбольшую колькасць карупцыйных злачынстваў выяўлена ў прамысловасці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА пракурор аддзела па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю пракуратуры Віцебскай вобласці Ігар Марозаў. Усяго за студзень-лістапад бягучага года на тэрыторыі вобласці зарэгістравана 329 карупцыйных злачынстваў, што на 7,5% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Найбольшую іх колькасць (82) выяўлена ў прамысловай галіне рэгіёну. Пры гэтым у разрэзе гэтых карупцыйных дзеянняў 26 злачынстваў складаюць факты атрымання хабараў і 31 факт дачы хабараў. У асноўным грашовыя сродкі браліся службовымі асобамі прадпрыемстваў за заключэнне патрэбных хабарадаўцам дагавораў, адпуск прадукцыі і вырашэнне іншых пытанняў, звязаных з гаспадарчай дзейнасцю. Нямала злачынстваў, звязаных з хабарніцтвам, здзейснена таксама ў сферы дзяржаўнага кіравання (16), аховы здароўя (23), адукацыі (11), адзначыў Ігар Марозаў. Так, праваахоўнымі органамі выяўлены факты атрымання хабараў медыцынскімі работнікамі за незаконнае афармленне бальнічных лістоў. Адзін з выкладчыкаў вышэйшай навучальнай установы Віцебска браў грошы ў студэнтаў за вырашэнне пытанняў аб атрыманні станоўчых адзнак пры здачы экзаменаў. Мелі месца факты атрымання хабараў сярод работнікаў міліцыі, органаў выканаўчай улады. Па ўсіх гэтых фактах узбуджаны крымінальныя справы і вядзецца следства. У цэлым за мінулы перыяд у вобласці выяўлена 73 факты атрымання хабараў (за аналагічны перыяд 2010 года - 46), 107 фактаў дачы хабараў (92) і 2 выпадкі пасрэдніцтва ў хабарніцтве (9). Пераважная большасць злачынных дзеянняў гэтай катэгорыі здзейснена ў гарадах: з 182 зарэгістраваных у рэгіёне злачынстваў па арт.430-432 Крымінальнага кодэкса Беларусі (атрыманне, дача хабару, пасрэдніцтва ў хабарніцтве) 92 зарэгістраваны ў Віцебску, 52 - у Оршы.-0-

БЕЛТА