Актуальныя пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці абмяркуюць на семінары 4-5 студзеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім аблвыканкаме.

Удзельнікі мерапрыемства, а гэта кіраўніцтва аблвыканкама, старшыні раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў, кіраўнікі адміністрацый раёнаў Віцебска, старшыні гарадскіх і раённых Саветаў дэпутатаў, наведаюць Гарадоцкі, Шумілінскі, Глыбоцкі, Ушацкі раёны, Наваполацк.

У Гарадоцкім раёне плануецца разгледзець перспектывы развіцця турысцка-аздараўленчага комплексу "Лосьвіда", сістэму работы па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі раёна, а таксама развіццё і выхад на самаакупнасць спартыўных аб'ектаў. У Шумілінскім раёне будуць абмяркоўвацца пытанні аздараўлення насельніцтва сродкамі фізкультуры і спорту. Размова пойдзе і аб развіцці спартыўных адзінаборстваў, гульнявых відаў спорту.

У Наваполацку ўдзельнікі семінара наведаюць цэнтральную гарадскую бальніцу, дзе азнаёмяцца з сучаснымі тэхналогіямі аказання медыцынскай дапамогі гараджанам і жыхарам прылеглых раёнаў. Акрамя гэтага, запланавана азнаёмленне з вопытам Наваполацка па арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі і інш. Праблемы і перспектывы развіцця аграэкатурызму будуць разгледжаны на базе Глыбоцкага раёна. Ва Ушацкім запланавана наведванне мемарыяльнага комплексу "Прарыў" і сучаснага фізкультурна-аздараўленчага комплексу "Юнацтва".