11 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебскі гарвыканкам вызначыў месцы, забароненыя для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пятага склікання, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела ідэалагічнай працы Віцебскага гарвыканкама Дзяніс Глуткін. У адпаведнасці з артыкуламі 24, 61 і 65 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь Віцебскі гарвыканкам прыняў рашэнне аб забароне правядзення пікетаў на плошчах Перамогі, Леніна, Свабоды, 1000-годдзя, у парках Пераможцаў, Партызанскай славы імя М.Ф.Шмырова, а таксама на адлегласці 150 м ад будынкаў мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, консульскіх устаноў, судоў, органаў пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абараназдольнасць, бяспеку дзяржавы, жыццядзейнасць насельніцтва. Акрамя таго, зборшчыкі не змогуць збіраць подпісы выбаршчыкаў на тэрыторыі арганізацый аховы здароўя, на аб'ектах чыгуначнага транспарту, у падземных пешаходных пераходах і ў месцах правядзення гарадскіх кірмашоў, культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў. Забарона будзе дзейнічаць з 15 ліпеня па 13 жніўня бягучага года. Каментуючы прынятае рашэнне, Дзяніс Глуткін падкрэсліў, што выбар месцаў, дзе забаронена пікетаванне, абумоўлены перш за ўсё неабходнасцю забеспячэння бяспекі грамадзян. Збор подпісаў пачнецца 15 ліпеня, у гэты час у горадзе яшчэ будуць працягвацца мерапрыемствы фестывалю мастацтваў "Славянскі базар", якія праходзяць у тым ліку і на імправізаваных канцэртных пляцоўках - вуліцах і плошчах горада. "Тут збіраецца велізарная колькасць гледачоў, і менавіта для іх зручнасці і бяспекі ўведзены такія абмежавальныя меры. Разам з тым яны ніякім чынам не абмяжоўваюць правы патэнцыйных кандыдатаў і іх прыхільнікаў", - упэўнены суразмоўца. Інфармацыя аб месцах, дзе забаронена правядзенне пікетаў, будзе размешчана на афіцыйным сайце гарвыканкама і апублікавана ў гарадской газеце.