30 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці вызначаны пераможцы конкурсу малюнка "Ахова працы вачыма дзяцей", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны дзяржаўны інспектар Віцебскага абласнога ўпраўлення дэпартамента дзяржінспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Беразяк. Конкурс праводзіўся на працягу года сярод дашкольных устаноў і школ Віцебскай вобласці. На абласны тур па выніках правядзення папярэдніх рэгіянальных этапаў аддзеламі адукацыі было прадстаўлена звыш 100 работ. Пры гэтым асаблівую актыўнасць праявілі ўстановы адукацыі Глыбоцкага, Дубровенскага, Полацкага, Сенненскага, Чашніцкага раёнаў, Наваполацка, Чыгуначнага і Кастрычніцкага раёнаў Віцебска. Малюнкі дзяцей прысвечаны тэмам бяспекі на вытворчасці, у сельскай гаспадарцы, медыцыне, адукацыі, транспарце, гандлі і іншых сферах дзейнасці. "Прадстаўленыя работы выкананы ў розных тэхніках і стылях, маюць цікавае каляровае і кампазіцыйнае рашэнне, добрае зместавае напаўненне. У параўнанні з работамі конкурсу 2011 года пашырылася тэматыка, тэхніка выканання малюнкаў. Напрыклад, дастаткова шмат прыйшло плакатаў", - адзначыў Алег Беразяк, дадаўшы, што ў сувязі з гэтым журы прыняло рашэнне вылучыць іх у асобную намінацыю. Уладальнікамі першых месцаў у намінацыі "Дашкольныя ўстановы" стаў яслі-сад №7 г.Чашнікі (аддзел адукацыі Чашніцкага райвыканкама, работа Самсонавай Дашы "Тата, не гані!"); у намінацыі "Школы" - Завуццеўская дзіцячы сад-сярэдняя школа (аддзел адукацыі Міёрскага райвыканкама з работай Паліны Баслак "Правілы бяспекі выконвай"); у намінацыі "Плакаты" - сярэдняя школа №1 Наваполацка (аддзел адукацыі Наваполацкага гарвыканкама, работа Паліны Раманавай "Правілы не толькі ведай, але і дакладна выконвай"). Штогадовы конкурс "Ахова працы вачыма дзяцей" праводзіцца з мэтай папулярызацыі выяўленчай творчасці вучняў, пашырэння агульнага кругагляду дзяцей і прыцягнення ўвагі вучняў да праблем аховы працы, а таксама фарміравання ў дзяцей і падлеткаў стаўлення нецярпімасці да парушэнняў патрабаванняў па ахове працы. Яго арганізатарамі выступаюць упраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама і Віцебскае абласное ўпраўленне дэпартамента дзяржінспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.-0-

БЕЛТА