Бліжэй да зорак сталі вучні Кіраўскай сярэдняй школы – пад яе купалам адкрыўся адукацыйны планетарый. Гэта ўжо другі планетарый у Віцебскім раёне (першы быў адкрыты ў Наўкінскай СШ) і чацвёрты ў Віцебскай вобласці, якую нездарма называюць самай астранамічнай.

Прайсці «зорны» шлях ад парога навучальнай установы да самага купала дырэктар школы Вольга Арцёменка, педагогі і вучні прапанавалі гасцям, якія прыехалі з такой нагоды, сярод якіх былі старшыня Віцебскага райвыканкама Генадзь Сабыніч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Дарожкін, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Вольга Трублоўская, а таксама вядомы беларускі астраном, педагог, дацэнт кафедры інжынернай фізікі ВДУ імя П. М. Машэрава Уладзімір Голубеў.

Планетарый быў адкрыты перш за ўсё дзякуючы фінансавай дапамозе мясцовай улады, а таксама руплівасці калектыву педагогаў школы і яе кіраўніка. На ўрачыстай цырымоніі Віктар Дарожкін перадаў у дар дзецям рэдкі экспанат – плакат з выявай усіх касманаўтаў у гісторыі асваення зорнай прасторы, які ў свой час падарыла вядомая лётчык-выпрабавальнік, жонка касманаўта Марына Попавіч, якая з'яўляецца нашай зямлячкай – яна родам з Віцебскага раёна.

Крыніца: vitebsk-region.gov.by