21 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці з'явіцца свой "Артек". Пра гэта сёння падчас рэспубліканскага суботніка журналістам паведаміў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Палова сродкаў, заробленых на суботніку, вобласць накіруе на будаўніцтва музея Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. "Гэта справядлівае рашэнне. Мы абавязаны шанаваць памяць нашых бацькоў, дзядоў, якія адстаялі краіну. Дзякуючы ім мы жывем у мірнай, суверэннай Беларусі", - сказаў губернатар. Астатнія сродкі застануцца ў абласным бюджэце і будуць прызначаны для рэканструкцыі і прывядзення ў парадак дзіцячых аздараўленчых лагераў. Большая частка пойдзе на аднаўленне лагера "Віцязь", які аднайменнае акцыянернае таварыства перадае ў камунальную ўласнасць. Гэты лагер знаходзіцца за 40 км ад Віцебска ў сасновым лесе. У лагеры дзейнічаюць сем цагляных спальных карпусоў з пакоямі, разлічанымі на пражыванне трох-чатырох чалавек, з індывідуальнымі душавымі і санвузламі ў пакоях, маюцца таксама жылы корпус для абслуговага персаналу, медыцынскі і гаспадарчы корпусы, клуб- сталовая з трыма заламі для прыёму ежы і актавай залай, кацельня, артэзіянская свідравіна, летняя эстрада, касцёр з танцавальнай пляцоўкай. Для заняткаў спортам абсталяваны стадыён з футбольным полем, баскетбольная і валейбольная пляцоўкі. У лагера ёсць уласны вадаём і абсталяваны пляж. За адну змену тут могуць адпачыць да 570 дзяцей. "Тут будзе створаны паказальны лагер абласнога значэння - своеасаблівы віцебскі "Артек", - канстатаваў Аляксандр Косінец. Аднак гэта не азначае, што астатнія дзіцячыя лагеры застануцца ў забыцці. У належны стан будуць прыведзены лагер "Лянок", перададзены ў камунальную ўласнасць Аршанскім льнокамбінатам, а таксама лагер "Колас", у якім будуць адпачываць дзеці работнікаў аграпрамысловага комплексу. "Мы зробім усё неабходнае, каб дзіцячы адпачынак быў арганізаваны, каб дзеці раслі моцнымі, здаровымі, інтэлектуальна развітымі. Дзеці - наш галоўны стратэгічны рэсурс", - падкрэсліў Аляксандр Косінец. Каб прывесці ў парадак дзіцячыя аздараўленчыя лагеры, у вобласці збіраюцца арганізаваць яшчэ некалькі суботнікаў. Старшыня аблвыканкама таксама мае намер прыняць у іх удзел.