У Віцебскай вобласці апошні званок прагучыць для 16,2 тыс. выпускнікоў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні адукацыі Віцебскага аблвыканкама.

У Віцебскай вобласці апошні званок прагучыць для 16,2 тыс. выпускнікоў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні адукацыі Віцебскага аблвыканкама.

"Традыцыйныя лінейкі пройдуць ва ўсіх 370 установах агульнай сярэдняй адукацыі вобласці. Выпускнікамі 9-х класаў стануць каля 9,6 тыс. дзяцей. Атрыстат аб сярэдняй адукацыі ўручаць больш чым 6,6 тыс. навучэнцам", - адзначылі ва ўпраўленні адукацыі.

Колькасць выпускнікоў у Віцебскай вобласці сёлета некалькі паменшылася ў параўнанні з 2017-м. "У мінулым годзе пасведчанне аб базавай адукацыі атрымалі амаль 9,8 тыс. дзяцей, а выпускнікамі 11-х класаў сталі каля 6,8 тыс. маладых людзей. Усяго ў 2017 годзе апошні званок прагучаў для 16,6 тыс. падлеткаў. Тым не менш, за апошнія гады назіраецца станоўчая дынаміка росту колькасці першакласнікаў. Думаем, іх колькасць будзе павялічвацца", - падкрэслілі ва ўпраўленні.

Дэлегацыя Віцебскай вобласці у складзе 100 лепшых выпускнікоў 11-х класаў прыме ўдзел 30 мая ў рэспубліканскім свяце "Апошні званок" у Мінску. Такі шанец прадстаўляць рэгіён у сталіцы атрымаюць маладыя людзі, якія паказалі высокія вынікі ў вучобе, алімпіядным руху, інтэлектуальных спаборніцтвах, праявілі сябе ў спорце, творчай і грамадскай дзейнасці. У той жа дзень старшакласнікі абласнога цэнтра збяруцца ў Летнім амфітэатры, дзе для іх пройдзе штогадовы святочны канцэрт, арганізаваны Цэнтрам культуры "Віцебск".

З 1 па 8 чэрвеня навучэнцы 9-х і 11-х класаў будуць здаваць выпускныя экзамены, а 9 чэрвеня ва ўстановах адукацыі вобласці адбудуцца выпускныя вечары. Самых выніковых і актыўных дзяцей узнагародзяць медалямі, дыпломамі за паспяховую вучобу, а таксама рознымі ўзнагародамі і падарункамі.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)