3 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці прышчэпкамі ад грыпу сёлета плануецца ахапіць не менш за 35% насельніцтва і 40% работнікаў буйных прадпрыемстваў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны ўрач Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Уладзімір Сінкевіч.
Кампанія па імунізацыі насельніцтва ўжо актыўна вядзецца. Па стане на 27 верасня прышчэплены 75,6 тыс. чалавек. З іх 60,7 тыс. дарослых, 14,9 тыс. дзяцей. Усяго за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту ў рэгіёне плануецца прышчапіць больш за 110 тыс. жыхароў, за кошт сродкаў мясцовага бюджэту - 260,3 тыс., за кошт сродкаў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў - 60,7 тыс., за кошт асабістых сродкаў грамадзян - звыш 8 тыс.
Для імунізацыі насельніцтва ў арганізацыях аховы здароўя вобласці выкарыстоўваюцца вакцыны, якія валодаюць нізкай рэактагеннасцю і высокай імунагеннасцю. Дадзеныя вакцыны абараняюць ад вірусаў грыпу, якія, па прагнозе, будуць цыркуляваць у эпідэмічны сезон 2012/2013.
Уладзімір Сінкевіч нагадаў, што вакцынацыя з'яўляецца найбольш эфектыўным сродкам прафілактыкі грыпу. "Пра гэта сведчыць і аналіз вынікаў вакцынацыі супраць грыпу ў Беларусі: верагоднасць захворвання грыпам у групе не прышчэпленых была ў 5,5 разы вышэй у параўнанні з групай прышчэпленых, а захворванне грыпам прышчэпленых - на 81,8% ніжэй за захворванне не прышчэпленых", - адзначыў Уладзімір Сінкевіч. Ён таксама падкрэсліў, што вакцынацыя дапамагае стварыць той узровень індывідуальнага і калектыўнага імунітэту, які можа забяспечыць павышэнне ўстойлівасці насельніцтва да дадзенай інфекцыі, знізіць цяжкасць захворвання і паменшыць верагоднасць захворвання асоб, якія не маюць імунітэту.-0-
БЕЛТА
На Віцебшчыне прышчэпкамі ад грыпу сёлета плануецца ахапіць 35% насельніцтва
3.10.20120 праглядаў