1 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Пазітыўныя змены ў рабоце са зваротамі грамадзян адбыліся ў Віцебскай вобласці з моманту правядзення папярэдняга маніторынгу, адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА кіраўнік міжведамаснай рабочай групы па Віцебскай вобласці намеснік генпракурора Мікалай Кукліс. На яго думку, мясцовыя органы ўлады сталі больш адказна ставіцца да вырашэння жыццёвых праблем людзей, пра што сведчаць і самі грамадзяне. Аднак цягану, якая так раздражняе людзей, усё яшчэ не ўдаецца пазбегнуць. "Правалаў у рабоце са зваротамі грамадзян у раёнах, дзе праходзіў маніторынг, няма, праблемы - ёсць", - канстатаваў ён. Праводзячы прыём грамадзян у Верхнядзвінскім раёне, Мікалай Кукліс звярнуў увагу, што найбольшую колькасць пытанняў у людзей выклікаюць рашэнні праваахоўных органаў, землеўпарадкавальных службаў. Нямала праблем звязана з жыллёва-камунальнай гаспадаркай і будаўніцтвам жылля, у тым ліку з якасцю капітальнага рамонту, льготным крэдытаваннем жылля. Па ўсіх пытаннях, з якімі грамадзяне звярнуліся да кіраўніка міжведамаснай групы, а таксама да членаў міжведамаснай групы, якія працавалі ў Пастаўскім і Мёрскім раёнах, неадкладна будуць прыняты законна абгрунтаваныя рашэнні. На думку Мікалая Кукліса, правядзенне маніторынгаў работы са зваротамі грамадзян дазваляе, з аднаго боку, выявіць актуальныя праблемы, з другога - стымулюе мясцовыя органы ўлады да адказнай і добрасумленнай працы з людзьмі. Рэспубліканскі маніторынг работы дзяржорганаў са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб праводзіцца ў адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы Адміністрацыяй Прэзідэнта Беларусі сумесна з Камітэтам дзяржаўнага кантролю, Генпракуратурай і Дзяржсакратарыятам Савета Бяспекі з 28 лістапада па 2 снежня. У гэты перыяд ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі працуюць сем міжведамасных рабочых груп пад кіраўніцтвам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзіміра Макея (Мінск), дзяржсакратара Савета Бяспекі Леаніда Мальцава (Мінская вобласць), старшыні КДК Аляксандра Якабсона (Гомельская вобласць), генпракурора Аляксандра Канюка (Гродзенская вобласць), намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Валерыя Міцкевіча (Брэсцкая вобласць), намесніка старшыні КДК Аляксандра Агеева (Магілёўская вобласць) і намесніка генпракурора Мікалая Кукліса (Віцебская вобласць).-0-

БЕЛТА