У рэгіёнах працягваюцца ўстаноўчыя сходы па стварэнні новай палітычнай партыі з рабочай назвай «Белая Русь». Устаноўчы сход прайшоў і ў Чыгуначным раёне Віцебска.

– Будучая партыя – гэта не партыя ўлады, але партыя большасці, таму і павінна быць накіравана на працу з большасцю насельніцтва. Сёння стаіць задача аб'яднаць увесь сацыяльны спектр, усе сацыяльныя сілы, якія падтрымліваюць існуючы канстытуцыйны лад, – адзначыў старшыня Віцебскай абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» Уладзімір Церанцьеў.

Кожны павінен займацца сваёй справай, перакананы Уладзімір Уладзіміравіч. Органы выканаўчай улады – сацыяльна-эканамічнымі пытаннямі, грамадскія арганізацыі – пытаннямі сацыяльнымі, а партыі – палітыкай. Пры гэтым грамадскае аб'яднанне «Белая Русь» працягне існаванне, будзе і далей рэалізоўваць сацыяльныя праекты, падкрэсліў Уладзімір Церанцьеў.

– У нас шмат грамадскіх арганізацый: «Белая Русь», Фонд міру, Саюз жанчын і іншыя. Мы ўсе неабыякавыя да будучыні нашай краіны, беларускага грамадства, дзяржавы. Усе за квітнеючую Беларусь, але дзейнічаем паасобку. Партыя – гэта аб'ядноўваючы орган, гэта магутная палітычная сіла, якая прадстаўляе інтарэсы не нейкага аднаго аб'яднання, а больш шырокага кола, – сказаў старшыня раённага грамадскага аб'яднання «Белая Русь» Віктар Карлоў.

Кожны член партыі павінен выконваць яе статут і праграму, таму сяброўства ў партыі дысцыплінуе і павышае адказнасць партыйнага чалавека, перакананы Віктар Іванавіч.

Сёння ў 12 раёнах Віцебскай вобласці, у тым ліку і ў Чыгуначным раёне Віцебска, вылучалі дэлегатаў на ўстаноўчы з'езд партыі, які пройдзе 18 сакавіка ў Мінску.

Крыніца: vitebsk-region.gov.by