На Віцебшчыне 212 чалавек перасягнулі 100-гадовы рубеж, паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Юрый Дзеркач, выступаючы на канферэнцыі "Праблемы лекарскай этыкі ў сучасным свеце", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"На Віцебшчыне ўдзельная вага насельніцтва ва ўзросце 60 гадоў і старэй складае 24,2%, 80 і старэй - 4,4%. А 212 чалавек перасягнулі 100-гадовы рубеж. Гэта самыя высокія паказчыкі па Беларусі", - адзначыў Юрый Дзеркач.

"У вобласці забяспечаны штоквартальны медыцынскі агляд асоб старэйшых узростаў. Штогод праводзіцца дадатковы агляд пажылых і самотна пражываючых грамадзян перад восеньска-зімовым перыядам. Усе, хто мае патрэбу, на гэты час шпіталізуюцца на ложкі сястрынскага догляду. Дадаткова восенню і зімой штогод перапрафілююцца каля 500 такіх ложкаў", - дадаў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя.

У Глыбоцкім і Полацкім раёнах сумесна з валанцёрамі абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа рэалізуюцца праекты па актыўным даўгалецці. Вынікам працы ў рэгіёнах стала зніжэнне смяротнасці насельніцтва старэйшага працаздольнага ўзросту за апошнія дзевяць гадоў на 16,2%.

Канферэнцыя "Праблемы лекарскай этыкі ў сучасным свеце" праходзіць у Віцебску 6-7 чэрвеня. У ёй прымаюць удзел медыкі, тэолагі, навукоўцы з Беларусі, Украіны, Шры-Ланкі, Італіі, Расіі, Польшчы і Ватыкана. Форум праводзіцца па ініцыятыве Віцебскай епархіі Рымска-каталіцкай царквы і Віцебскага аблвыканкама пры ўдзеле трох ВНУ абласнога цэнтра.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)