13 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці адкрыты восем пунктаў цэнтралізаванага тэсціравання, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня КДК Віцебскай вобласці Васіль Максімаў. Пункты тэсціравання размешчаны на базе Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Наваполацкага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа і Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа. Па словах Васіля Максімава, падрыхтоўчая праца да тэсціравання праведзена на высокім узроўні. Абітурыентам створаны камфортныя ўмовы для здачы выпрабаванняў. Ва ўсіх пунктах тэсціравання працуюць пункты грамадскага харчавання і медпункты. У гэтых пунктах тэсціравання вобласці ў бягучым годзе зарэгістравалася 41040 удзельнікаў тэсціравання, што на 2383 чалавекі менш, чым у мінулым годзе. Для кантролю за правядзеннем цэнтралізаванага тэсціравання КДК вобласці і Віцебскі аблвыканкам стварылі камісіі ў пунктах тэсціравання. Акрамя задзейнічаных на пастаяннай аснове супрацоўнікаў КДК кантроль у кожнай аўдыторыі будуць ажыццяўляць прадстаўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, супрацоўнікі праваахоўных органаў, работнікі ўстаноў адукацыі і прадстаўнікі ГА "БРСМ". Да грамадскага кантролю КДК дадаткова прыцягнуў звыш 400 чалавек. Галоўная мэта такога кантролю - забяспечыць абітурыентам роўныя магчымасці для паступлення ў дзяржаўныя вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі, абараніць іх законныя правы і інтарэсы, своечасова і якасна разглядаць звароты па пытаннях тэсціравання і прыёму ва ўстановы адукацыі, прымаць прадугледжаныя заканадаўствам меры па выяўленых фактах парушэнняў. У КДК вобласці і міжраённых камітэтах у Полацку і Оршы будуць працаваць гарачыя тэлефонныя лініі. Як адзначыў Васіль Максімаў, у апошнія гады колькасць званкоў на гарачыя лініі прыкметна зменшылася. На яго думку, гэта звязана з празрыстасцю ўступнай кампаніі, а таксама з вялікай працай навучальных устаноў, як школ, так і ВНУ, па падрыхтоўцы выпускнікоў да цэнтралізаванага тэсціравання.-0-

БЕЛТА