26 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці расце колькасць махлярскіх злачынстваў пры бяздзейнасці праваахоўных органаў. Пра гэта заявіў сёння на асабістым прыёме грамадзян памочнік Прэзідэнта – галоўны інспектар па Віцебскай вобласці Мікалай Дамашкевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах Мікалая Дамашкевіча, у Віцебскай вобласці з'явілася цэлая серыя махляроў, якія сваімі дзеяннямі выманваюць у грамадзян грошы. Людзі звяртаюцца ў праваахоўную сістэму, а яна бяздзейнічае, праяўляючы цяганіну і бюракратызм. "Паглядзіце, палова пытанняў прыёму адзін у адзін датычыцца бяздзейнасці праваахоўных органаў. Махровыя бюракраты ў пагонах: той адмяніў, той вярнуў, гэты прыпыніў", - канстатаваў Мікалай Дамашкевіч, падкрэсліўшы, што пытанні па заявах, звязаных з абаронай інтарэсаў грамадзян, у некаторых выпадках не вырашаюцца гадамі. І вал гэтых пытанняў пастаянна расце.
Прадстаўнікам праваахоўных ведамстваў памочнік Прэзідэнта парэкамендаваў перагледзець сваё стаўленне да людзей. "Пакуль вы да іх ставіцеся не так, як яны таго заслугоўваюць і як патрабуе гонар вашага мундзіра, дрэнна ставіцеся", - сказаў ён.
Мікалай Дамашкевіч таксама звярнуў увагу на празмерную даверлівасць грамадзян, якія трапляюцца ў сеткі махляроў незалежна ад узроўню сваёй адукацыі і жыццёвага досведу. "Усім хочацца больш атрымаць, нічога не робячы. Ашуканцы гэтым і карыстаюцца", - дадаў ён.
Усяго на асабістым прыёме ў памочніка Прэзідэнта – галоўнага інспектара па Віцебскай вобласці Мікалая Дамашкевіча сёння пабывалі каля 30 жыхароў рэгіёна. Значная частка пытанняў датычылася дзейнасці міліцыі. Падымаліся пытанні садзейнічання ў працаўладкаванні, працы землеўпарадкавальных службаў, выкарыстання прыватызацыйных чэкаў "Маёмасць" і іншыя тэмы. Усім наведвальнікам Мікалай Дамашкевіч даў неабходныя тлумачэнні і рэкамендацыі, а таксама даручыў разабрацца з пастаўленымі праблемамі прадстаўнікам зацікаўленых ведамстваў.-0-
БЕЛТА
У Віцебскай вобласці расце колькасць махлярскіх злачынстваў пры бяздзейнасці праваахоўнікаў - Н.Дамашкевіч
26.10.20110 праглядаў