21 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці распрацавана схема аховы Заходняй Дзвіны, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Пётр Дук.
Цэнтральны навукова-даследчы інстытут комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі ў 2012 годзе распрацаваў схему комплекснага выкарыстання і аховы вод басейна Заходняй Дзвіны да 2020 года, у якой даецца ацэнка сучаснага стану і перспектывы выкарыстання ракі. Таксама яна ўключае шырокі комплекс прыродаахоўных мерапрыемстваў, у тым ліку будаўніцтва ачышчальных збудаванняў, мадэрнізацыю і рэканструкцыю дзеючых збудаванняў, абваловку небяспечных аб'ектаў, вынас аб'ектаў з водаахоўных зон і іншыя. Схема гарманічна і поўна дапаўняе мерапрыемствы Віцебскай абласной праграмы "Чыстая вада".
У канцы лютага схема была адобрана Мінпрыроды і ў цяперашні час перададзена ў Віцебскі аблвыканкам. "Мы рыхтуем цяпер рашэнне аблвыканкама па яе зацвярджэнні, у якім будуць вызначаны аб'ём і крыніцы фінансавання", - адзначыў Пётр Дук. Ён таксама падкрэсліў, што Заходняя Дзвіна праходзіць праз большасць раёнаў рэгіёна, а таму пераацаніць значнасць дадзенага праекта для ўсёй Віцебскай вобласці складана.
"Наступны этап стратэгіі аховы водных рэсурсаў рэгіёна прадугледжвае распрацоўку аналагічнай схемы для аховы ракі Дняпро, да басейна якой адносяцца Аршанскі, Талачынскі, Дубровенскі і Чашніцкі раёны", - дадаў Пётр Дук, адзначыўшы, што для Нёмана (Пастаўскі, Глыбоцкі, Докшыцкі раёны) такая схема ўжо зацверджана.