У Віцебскай вобласці з удзелам службовых сабак з пачатку года раскрыта 71 злачынства
26.8.20110 праглядаў
26 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці 160 сабак нясуць службу ў падраздзяленнях абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы, расказаў карэспандэнту БЕЛТА начальнік гадавальніка службовых сабак Віцебскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Беларусі Мікалай Лук'яненка.
Міліцыянеры зрабілі стаўку на нямецкіх аўчарак, якія, па словах суразмоўцы, самыя разумныя і найбольш прыдатныя для працы ў ахове. Сабакі служаць у групах затрымання, ахоўваюць тэрыторыі аб'ектаў, кінолагі са сваімі гадаванцамі ўваходзяць у склад груп, што патрулююць вуліцы. Толькі з пачатку года з удзелам службовых сабак раскрыта 71 злачынства, спынена 28 спроб пранікнення на ахоўваемыя тэрыторыі з затрыманнем правапарушальнікаў.
Як і ў міліцыянераў, служба чацвераногіх вартавых і небяспечная, і цяжкая. Напрыклад, у мінулым годзе ў Віцебску дзякуючы службоваму сабаку быў затрыманы узброены злачынца, які здзейсніў разбойны напад на краму. Сабака настолькі паспяхова выканала сваю задачу, што рабаўнік не змог нават скарыстацца зброяй. Бываюць і кур'ёзныя выпадкі, як, напрыклад, нядаўняе затрыманне несумленнага школьніка, які захацеў адмяніць кантрольную і паведаміў аб нібыта замініраванай школе. Устанавіўшы, што званок паступіў з тэлефона-аўтамата, група з сабакам выехала на месца. Аўчарка па паху выйшла на след хлапчука і прывяла міліцыянераў прама да яго кватэры.
Па словах Мікалая Лук'яненкі, прызыўны ўзрост у сабак наступае з трох месяцаў. З гадавальніка іх перадаюць кінолага, які займаецца выхаваннем і падрыхтоўкай шчанюка. У далейшым ім разам трэба будзе несці службу. Для кожнага шчанюка-прызыўніка распрацоўваецца індывідуальны план трэніроўкі з штомесячнай здачай экзаменаў. У праграму падрыхтоўкі абавязкова ўваходзяць курс паслушэнства, следавая праца, фізічная падрыхтоўка - праходжанне паласы перашкод - і ўрокі па затрыманні-стрымліванні парушальніка.
Як на кожнага работніка асабістая справа, так на сабак адкрываецца назапашвальная справа, прычым фотаздымак сабакі ў ёй абавязковы. У сабачай "асабістай" справе ёсць характарыстыка, адзнакі пра стан здароўя, у справу ўносяцца ўсе дасягненні чацвераногага супрацоўніка. На пенсію сабакі могуць сыходзіць пасля 8-гадовага ўзросту. Праўда, калі сілы і здароўе дазваляюць, то з органаў яе ніхто звальняць не будзе. Баявыя задачы паспяхова выконваюць і 12-гадовыя ветэраны. Па словах Мікалая Лук'яненкі, сабакі-пенсіянеры адзінокімі не застаюцца. Як правіла, іх забіраюць дадому самі супрацоўнікі, бо выхаваная, разумная сабака - сапраўды лепшы сябар чалавека.-0-
БЕЛТА