5 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Нарыхтоўку вінаградных слімакоў выставіў на аўкцыён Пастаўскі райвыканкам. Таргі адбудуцца 3 красавіка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў райвыканкаме.
Прадметам продажу стане права на нарыхтоўку або закупку малюска на тэрыторыі Пастаўскага раёна. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі падлічыла, што прамысловы запас слімакоў у раёне складае 44 т, і прыйшла да заключэння, што без шкоды для навакольнага асяроддзя тут можна нарыхтоўваць у год 21,6 т слімакоў. Пачатковы кошт лота ўстанаўліваецца ў памеры 50 базавых велічынь. Тэрмін прадастаўлення права на нарыхтоўку або закупку слімака складае не менш за тры гады. Заяўкі на аўкцыён прымаюцца па 29 сакавіка.
Па словах спецыялістаў райвыканкама, цікавасць да аўкцыёну ў патэнцыйных пакупнікоў маецца.
Аўкцыён на права нарыхтоўкі вінаградных слімакоў у Пастаўскім раёне стане другім у вобласці. Піёнерам па продажы слімакоў стаў Чашніцкі раён. Тут за магчымасць нарыхтаваць 13,5 т слімакоў пакупнік заплаціў Br7,5 млн. - у пяць разоў больш за першапачаткова ўстаноўленую цану.
Беларускія вінаградныя слімакі, як правіла, экспартуюцца ў Еўропу.
Тыя, хто змог такога слімака паспрабаваць, сцвярджаюць, што на смак гэты дэлікатэс нагадвае зеляніну. Аднак працэс прыгатавання эскарго, як называюць гэту вытанчаную страву французы, патрабуе нямала цярпення ад кухара, бо, перш чым зварыць слімака ў белым віне і падаць пад соусам, яму трэба ачысціць кішэчнік, а на гэта сыходзіць да двух тыдняў. Пры гэтым слімака трэба штодня амываць у праточнай вадзе. У мясе вінаградных слімакоў на трэць больш бялка, чым у курыных яйках, адсутнічае халестэрын. Вінаградныя слімакі яшчэ і сыравіна для фармакалагічнай прамысловасці, з іх робяць лекі ад дыябету, але ўсё ж больш яны славяцца як афрадызіяк і рэкамендаваны мужчынам для ўзмацнення патэнцыі.-0-
БЕЛТА
У Віцебскай вобласці зноў выстаўляюць на таргі збор смаўжоў
5.3.20120 праглядаў