Да 25 лютага Віцебская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна сумесна з публічнымі бібліятэкамі паўночнага рэгіёна праводзіць марафон «Размаўляй і натхняй» да Міжнароднага дня роднай мовы.

Як расказалі ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У.І. Леніна, цэлы тыдзень падчас марафону наведвальнікаў бібліятэк чакаюць разнастайныя натхняльныя мерапрыемствы, прысвечаныя беларускай мове. Гэта акцыі, конкурсы, віктарыны, прэзентацыі кніг, сустрэчы з аўтарамі, літаратурна-музычныя вечары, якія зацікавяць чытачоў і дазволяць адчуць асалоду ад зносін на роднай мове. Усяго шырокая праграма прадугледжвае каля 240 мерапрыемстваў і больш за 190 выставак.

Таксама бібліятэкі ўсіх раёнаў Віцебшчыны прымуць удзел у акцыі #Віцебскіслоўнік. Задумка ў тым, каб прадставіць увазе адно ці некалькі слоў на беларускай мове, якія асацыятыўна звязаны з канкрэтным раёнам ці горадам, словы-бренды, якія характарызуюць пэўную мясцовасць. Кожны дзень на працягу тыдня ў акаўнце @vitsebski_slounik у Instagram усім жадаючым прапануюць знаёміцца з Віцебскай вобласцю пры дапамозе слоў – беларускіх, непаўторных, каларытных, родных, якія з любоўю падабраны і праілюстраваны раённымі бібліятэкамі. 

 

vitebsk-region.gov.by