7 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці ўбрана 45% плошчаў збожжавых і зерневых бабовых, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама. Па стане на раніцу 7 жніўня, у рэгіёне скасілі 219,4 тыс. га збожжавых. Агульны намалот пры сярэдняй ураджайнасці 32,5 ц/га склаў 712,8 тыс. т збожжа. Самая высокая ўраджайнасць па-ранейшаму адзначаецца ў Верхнядзвінскім (38,2 ц/га), Аршанскім (37 ц/га) і Чашніцкім раёнах (36 ц/га). Больш за 30 ц/га намалочваюць аграрыі Бешанковіцкага, Віцебскага, Глыбоцкага, Гарадоцкага, Докшыцкага, Дубровенскага, Лепельскага, Лёзненскага, Мёрскага, Полацкага, Пастаўскага, Талачынскага, Ушацкага, Шаркаўшчынскага і Шумілінскага раёнаў. Для дасягнення гэтага выніку была праведзена вялізная папярэдняя праца, падкрэслілі спецыялісты. Найбольш актыўнымі тэмпамі ўборачная кампанія прасоўваецца ў Бешанковіцкім, Глыбоцкім, Докшыцкім, Лепельскім, Пастаўскім і Чашніцкім раёнах, дзе ўжо ўбрана ад 50% да 59% плошчаў. Рыхтуюцца пераадолець 50-працэнтны рубеж гаспадаркі Верхнядзвінскага, Полацкага і Шаркаўшчынскага раёнаў. Сярэдні тэмп уборкі збожжавых складае ў рэгіёне каля 4%. Правядзенню актыўнай работы ў значнай ступені спрыяюць спрыяльныя ўмовы надвор'я, выкарыстоўваць якія працаўнікі вёскі імкнуцца максімальна прадуктыўна, бо ўжо з другой паловы бягучага тыдня, па прагнозах сіноптыкаў, у вобласці чакаюцца дажджы. Падштурхоўвае аграрыяў і той факт, што сабранае цяпер збожжа аптымальнай вільготнасці - 10-15%. У пэўнай ступені гэта дазваляе таксама знізіць нагрузку на збожжасушыльныя комплексы: яны загружаны, але працуюць у шчадлівым рэжыме з акцэнтам на ачыстку збожжа. Значная ўвага надаецца якасці ўборкі, дадалі ў аблсельгаспрадзе. Так, два разы на дзень камбайнеры праводзяць рэгуляванне і наладку тэхнікі, камбайны аснашчаны сцеблапад'ёмнікамі. Кантрольныя функцыі ажыццяўляюць спецыяльна створаныя ў раёнах рабочыя групы, якія сочаць за ходам уборачнай. У выпадку выяўлення ў брыгад камбайнераў вялікіх страт, дадзеныя экіпажы будуць зняты з вытворчага спаборніцтва. Пакуль такіх фактаў не выяўлена.

БЕЛТА