Яўка грамадзян на рэспубліканскім рэферэндуме склала 78,61% ад агульнай колькасці ўключаных у спісы для галасавання, паведаміў старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Ігар Карпенка.

Кіраўнік ЦВК нагадаў, што ў 20.00 у Беларусі завяршылася праца ўчастковых камісій па галасаванні на рэферэндуме. Былі адкрыты 5510 участкаў для галасавання на рэферэндуме, у тым ліку 217 у санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах, і 12 у воінскіх часцях. 

"Зладжаны механізм узаемадзеяння ўсіх зацікаўленых асоб у правядзенні рэферэндуму дазволіў правесці яго ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам без якіх-небудзь здарэнняў. Сёння кожны грамадзянін меў магчымасць прыйсці на ўчастак і прагаласаваць. На ўчасткі для галасавання прыбыло 78,61% грамадзян ад агульнай колькасці, уключаных у спісы для галасавання. Гэта аператыўная інфармацыя ад абласных і Мінскай гарадской камісіі на 20.00", - сказаў Ігар Карпенка. 

У разрэзе абласцей: Брэсцкая вобласць - 78,89%, Віцебская - 81,12%, Гомельская - 81,74%, Гродзенская - 77,43%, Мінская - 79,46%, Магілёўская - 82,94%, Мінск - 71,37%. 

"ЦВК выказвае падзяку ўсім грамадзянам, якія прынялі ўдзел у рэспубліканскім рэферэндуме і праявілі сваю грамадзянскую пазіцыю. Асаблівыя словы падзякі я хачу адрасаваць членам камісій па рэферэндуме, прадстаўнікам праваахоўных органаў, ратавальнікам, урачам, якія забяспечвалі бяспеку падчас правядзення рэферэндуму", - адзначыў Ігар Карпенка.

Крыніца: vitebsk-region.gov.by