3 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці ў тэледэбатах возьмуць удзел кандыдаты ў дэпутаты па васьмі выбарчых акругах, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства радыётэлецэнтр "Тэлерадыёкампанія "Віцебск" Анатоль Камовіч. Сярод жадаючых прыняць удзел у дыскусіях аказаліся кандыдаты ў дэпутаты наступных выбарчых акруг: Віцебскай-Горкаўскай №17, Віцебскай-Чкалаўскай №18, Віцебскай-Чыгуначнай №19, Віцебскай-Кастрычніцкай №20, Віцебскай сельскай №21, Наваполацкай №25, Аршанскай гарадской №26 і Полацкай гарадской №28. Колькасць удзельнікаў дэбатаў па выбарчых акругах складзе ад двух да чатырох чалавек. Пры гэтым найбольшая іх колькасць па Віцебскай-Кастрычніцкай і Аршанскай гарадской выбарчых акругах. Запіс тэле- і радыёдэбатаў пачнецца з 4 верасня і будзе праводзіцца чатыры дні запар. У эфір яны выйдуць з 5 па 10 верасня з 19.00 да 20.00. Пры гэтым першымі ў тэлеэфіры дэбаты адкрыюць кандыдаты ў дэпутаты па Віцебскай-Горкаўскай выбарчай акрузе, на радыёвяшчанне - Аршанскай гарадской выбарчай акрузе. Тэлерадыёкампанія "Віцебск" да правядзення дэбатаў кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пятага склікання гатова. З рэгламентам і структурай дэбатаў, паўнамоцтвамі, якімі будзе валодаць вядучы, усе кандыдаты ў дэпутаты будуць азнаёмлены перад выступам, дадаў Анатоль Камовіч, нагадаўшы, што ў Віцебскай вобласці выступленні па тэлебачанні і радыёвяшчанне кандыдатаў у дэпутаты завяршаюцца сёння.-0-

БЕЛТА