7 снежня адбылося сумеснае пасяджэнне прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і Віцебскага аблвыканкама, парадкам дня якога было «Утварэнне выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў у адзіны дзень галасавання 25 лютага 2024 г.».
– На пасяджэнне запрошаны кіраўнікі камітэтаў, упраўленняў і аддзелаў аблвыканкама і абласных арганізацый, прадстаўнікі палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў, прафесійных саюзаў, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад абласной і акруговых выбарчых камісій, – адзначыў, адкрываючы пасяджэнне, старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін. – Нам неабходна разгледзець пытанне ўтварэння Віцебскай абласной і акруговых выбарчых камісій.
Адзначыўшы, што ў нашай краіне будзе праводзіцца адзіны дзень галасавання, Аляксандр Субоцін падкрэсліў, што гэта дазволіць пазбегнуць перманентнага выбарчага працэсу, што стварала пэўныя складанасці для дзяржавы і для грамадства. Яшчэ да старту выбарчай кампаніі органамі мясцовага кіравання і самакіравання вобласці была праведзена скрупулёзная падрыхтоўчая праца па вызначэнні колькасці і межаў выбарчых акруг, сярэдняй колькасці выбаршчыкаў на акругу.
– Сёння нам трэба вырашыць адно з ключавых пытанняў: аб утварэнні Віцебскай абласной і акруговых выбарчых камісій, – акцэнтаваў кіраўнік абласной улады. – Гэта рашэнне павінна быць узважаным і адказным. Бо гэтыя камісіі не толькі арганізуюць правядзенне выбараў, але і ажыццяўляюць кантроль за выкананнем выбарчага заканадаўства ў нашым рэгіёне. Склады камісій павінны быць падабраны па сваіх дзелавых, маральных і чалавечых якасцях такім чынам, каб паўнамоцтвы камісій былі рэалізаваны ў поўным аб'ёме і ў тэрміны, вызначаныя Каляндарным планам па выбарах.
5 снежня завяршылася вылучэнне ў склад абласной і акруговых выбарчых камісій. Усе суб'екты, якія валодаюць у адпаведнасці з Выбарчым кодэксам правам вылучаць сваіх прадстаўнікоў у склад абласной і акруговых выбарчых камісій, скарысталіся ім.