18 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Узровень пакрыцця насельніцтвам паслуг жыллёва-камунальнай гаспадаркі па фіксаваных тарыфах у Віцебскай вобласці ў 2013 годзе прагназуецца на ўзроўні 16%. Пра гэта сёння на сесіі Віцебскага аблсавета, прадстаўляючы бюджэт вобласці на 2013 год, паведаміў начальнік упраўлення фінансаў Віцебскага аблвыканкама Барыс Кічаноўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Каля 70% выдаткаў на паслугі ЖКГ будзе кампенсаваць бюджэт, а астатнюю суму - з іншых даходных крыніц. Затое ў пасажырскіх перавозках узровень пакрыцця выдаткаў насельніцтвам узрасце з 53% у гэтым годзе да 80% у 2013 годзе, на долю бюджэтных субвенцый прыпадзе 20%.
У цэлым бюджэт вобласці на 2013 год сфарміраваны на аснове прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці. Даходы па бюджэце з улікам субвенцый складуць Br13,8 трлн. і будуць сфарміраваны ў асноўным за кошт паступленняў ад падаходнага падатку, падатку на дададзеную вартасць і падатку на прыбытак, а таксама іншых маёмасных падаткаў і плацяжоў.
Адметнымі характарыстыкамі бюджэту вобласці па выдатках з'яўляецца збалансаванасць выдаткаў бюджэтаў усіх узроўняў з іх даходамі, захаванне якасці бюджэтных паслуг і сацыяльная абарона ўразлівых катэгорый насельніцтва. Выдаткі па кансалідаваным бюджэце вобласці прагназуюцца ў суме Br13,5 трлн. з ростам да чаканага выканання на 2012 год на 25%. Бюджэт будзе сацыяльна накіраваным. Выдаткі на адукацыю і ахову здароўя складуць 26% і 21% адпаведна ў агульным аб'ёме выдаткаў, удзельная вага выдаткаў на ЖКГ складзе 16%, на транспарт - 2%. -0-
БЕЛТА
У Віцебскай вобласці ў 2013 годзе ўзровень пакрыцця насельніцтвам паслуг ЖКГ складзе 16%, транспарту – 80%
18.12.20120 праглядаў