27 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Аб'ёмы аказання медыцынскіх паслуг замежным грамадзянам у Віцебскай вобласці ў 1 квартале ўзраслі на 76% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама. У першым квартале бягучага года за кошт медыцынскага турызму атрымана $247,6 тыс. На думку спецыялістаў, нарошчванню паслуг замежным грамадзянам спрыялі ўмацаванне матэрыяльнай базы ўстаноў аховы здароўя і высокі прафесіяналізм урачоў. Замежных пацыентаў прымаюць не толькі бальніцы і паліклінікі абласнога цэнтра і гарадоў вобласці, але і цэнтральныя раённыя бальніцы і паліклінікі. Часцей за ўсё па дапамогу звяртаюцца жыхары суседніх рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, а таксама прыгранічных абласцей Латвіі. У вобласці створаны рэгістр медыцынскіх паслуг, якія можна атрымаць у лячэбных установах, напрыклад, у радзільным доме №1, абласной стаматалагічнай паліклініцы, цэнтральных раённых бальніцах у прыгранічных раёнах. На базе другой абласной клінічнай бальніцы дзейнічае Цэнтр медыцынскіх турыстычных паслуг Віцебска і Віцебскай вобласці, які не толькі прасоўвае медыцынска-турыстычны прадукт, але і распрацоўвае і арганізуе лячэбныя і аздараўленчыя праграмы ў дзяржаўных клініках. Схемы лячэння складаюцца індывідуальна для кожнага пацыента, акрамя таго, прадастаўляецца магчымасць замовы трансферу, экскурсійнага абслугоўвання і гіда-перакладчыка. Для зручнасці замежных пацыентаў уся інфармацыя аб бюро і рэгістры паслуг размешчана ў Інтэрнэце. Экпарт паслуг у 2011 годзе склаў $886 тыс. Заробленыя сродкі накіроўваюцца на ўмацаванне матэрыяльнай базы медустаноў, а таксама на матэрыяльнае стымуляванне працы медыкаў.-0-

БЕЛТА