На Віцебшчыне кампанія па вакцынацыі медработнікаў ад каранавіруса праходзіць актыўнымі тэмпамі.

На Віцебшчыне кампанія па вакцынацыі медработнікаў ад каранавіруса праходзіць актыўнымі тэмпамі. Пра гэта паведаміў галоўны ўрач Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Уладзімір Сінкевіч.

Усяго ўстановы аховы здароўя рэгіёну атрымалі 3 тыс. 260 двухкампанентных доз вакцыны "Спутник V". Імунізацыя медработнікаў пачалася 19 студзеня на базе сямі прышчэпачных пунктаў, якія адкрыліся ў Оршы, Полацку, Наваполацку і на базе чатырох медустаноў абласнога цэнтра. Паэтапна іх колькасць будзе пашырацца.

– За мінулы перыяд вакцынацыю прайшлі больш за 1 тыс. чалавек, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі. Пры гэтым найбольш актыўны ўдзел у кампаніі па імунізацыі прымаюць супрацоўнікі Аршанскай цэнтральнай гарадской паліклінікі і яе падраздзяленняў, медустаноў Віцебска – абласнога клінічнага анкадыспансера, дыягнастычнага цэнтра і іншых устаноў аховы здароўя. Выпадкаў сур'ёзных пабочных рэакцый не зарэгістравана, – адзначыў Уладзімір Сінкевіч.


Пастаўка наступнай партыі вакцыны, прызначанай для імунізацыі работнікаў адукацыі і сацыяльнай абароны, чакаецца ў лютым.

Уладзімір Сінкевіч нагадаў, што вакцынапрафілактыка з'яўляецца адным з найбольш значных інструментаў у барацьбе з распаўсюджваннем вірусных інфекцый.


– Разам з тым, велізарнае значэнне мае таксама прыхільнасць прынцыпам здароўезберагальных паводзін: захаванне сацыяльнага дыстанцыявання, гігіенічных правілаў, рухальнай актыўнасці, здаровага харчавання і г.д. Усё гэта спрыяе зніжэнню рызык перадачы вірусаў і застаецца важным элементам абароны здароўя, – падкрэсліў галоўны ўрач.

Крыніца