10 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці ўпершыню рэалізуецца венчурны праект, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце эканомікі Віцебскага аблвыканкама.
Венчурны праект - гэта комплекс работ па стварэнні і рэалізацыі інавацый, арганізацыі і развіцці вытворчасці высокатэхналагічных тавараў, у тым ліку шляхам стварэння інавацыйнай арганізацыі. Беларускі інавацыйны фонд палічыў венчурнай і вырашыў прафінансаваць распрацоўку і ўкараненне новай тэхналогіі вытворчасці цэмента-парызаваных лістоў, якія забяспечваюць рэсурсазберажэнне і імпартазамяшчэнне ў будаўніцтве на ТАА "ОршаКЕМБел". Гэты праект уключаны ў дзяржпраграму інавацыйнага развіцця. Увасабленне праекта дазволіць наладзіць выпуск інавацыйнай прадукцыі, якая знойдзе шырокае прымяненне ў будаўнічай сферы пры ўцяпленні фасадаў будынкаў, вырабе лёгкіх сценных панэляў, уладкаванні няздымнай апалубкі. Стварэнне вытворчасці дасць магчымасць знізіць кошт будаўніцтва агароджвальных канструкцый да 40%, арганізаваць пастаўкі прадукцыі на экспарт у Расію, Украіну.
Пры падтрымцы Беларускага інавацыйнага фонду ў вобласці рэалізуецца яшчэ адзін праект, уключаны ў дзяржпраграму інавацыйнага развіцця, - "Пашырэнне вытворчасці катлоў і кацельнага абсталявання НПП "Белкотламаш" ТАА". Ён дазволіць павялічыць навукова-вытворчую базу прадпрыемства і стымуляваць прымяненне новых распрацовак – энергаэфектыўных катлоў на мясцовых відах паліва, у тым ліку на фрэзерным торфе, наросціць іх выпуск для патрэб унутранага і знешняга рынкаў.
Як адзначылі ў камітэце эканомікі, Беларускі інавацыйны фонд упершыню прыняў удзел у фінансаванні інавацыйных праектаў, прапанаваных прадпрыемствамі вобласці.
Беларускі інавацыйны фонд створаны пастановай Савета Міністраў у 1998 годзе для ўзмацнення дзяржаўнай падтрымкі інавацыйнай дзейнасці ў Беларусі і з'яўляецца некамерцыйнай арганізацыяй, якая знаходзіцца ў падпарадкаванні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь. Асноўная задача фонду - забеспячэнне спрыяльных умоў для развіцця інавацыйнага прадпрымальніцтва і эфектыўнага функцыянавання прадпрыемстваў і арганізацый розных форм уласнасці, якія распрацоўваюць і вырабляюць у Беларусі навукаёмістую інавацыйную прадукцыю. Фінансаванне праектаў ажыццяўляецца назваротнай і платнай аснове.-0-
БЕЛТА
У Віцебскай вобласці ўпершыню рэалізуецца венчурны праект
10.10.20120 праглядаў