25 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці за студзень-верасень выкананы 16 з 21 паказчыка сацыяльна-эканамічнага развіцця. Аб гэтым паведаміў сёння на пасяджэнні аблвыканкама першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Навацкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Аб асноўных выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці расказаў старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама Святаслаў Зароўскі. Ён адзначыў, што па выніках 9 месяцаў большасць устаноўленых паказчыкаў у вобласці выконваюцца і дынамічна нарошчваюцца. Сярод усіх рэгіёнаў рэспублікі Віцебская вобласць займае першае месца па валавым рэгіянальным прадукце, удзельнай вазе затрат на набыццё машын, абсталявання, транспартных сродкаў у агульным аб'ёме інвестыцый у асноўны капітал, экспарце тавараў у цэлым па тэрыторыі, экспарце тавараў і сальда без уліку нафты і нафтапрадуктаў, рэспубліканскіх арганізацый. Таксама вобласць забяспечвае апярэджваючы тэмп росту прадукцыйнасці працы ў параўнанні з тэмпамі росту рэальнай заработнай платы. Разам з тым не забяспечана выкананне заданняў па ўдзельнай вазе адгружанай інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб'ёме адгружанай прамысловай прадукцыі, рэнтабельнасці продажаў у прамысловасці, экспарце паслуг, прамых замежных інвестыцыях на чыстай аснове і інш. Уладзімір Навацкі даў нядрэнную ацэнку працы па выкананні ўстаноўленых заданняў у цэлым па вобласці, але падвергнуў крытыцы вынікі дзейнасці ў разрэзе рэгіёнаў. У прыватнасці, з 19 паказчыкаў за студзень-верасень Сенненскі раён не забяспечыў выкананне 16, Чашніцкі і Шаркаўшчынскі - па 15, Глыбокскі, Россонскі, Талачынскі і Ушацкі - па 14. Значную колькасць заданняў не выконваюць таксама Полацкі, Бешанковіцкі, Дубровенскі, Лёзненскі, Лепельскі, Мёрскі, Віцебскі, Аршанскі, Пастаўскі, Шумілінскі, Гарадоцкі, Браслаўскі, Докшыцкі раёны, Віцебск, Полацк, Наваполацк і Орша. "У першую чаргу гэта сведчыць аб неабходнасці тэрмінова перагледзець працу па шэрагу напрамкаў, правесці падрабязны аналіз і выпрацаваць канкрэтныя дзеянні з тым, каб выканаць усе ўстаноўленыя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця", - падкрэсліў Уладзімір Навацкі. "Усе зацверджаныя заданні па паказчыках прымаліся свядома, і неабходна прымаць рэальныя меры па іх выкананні", - дадаў першы намеснік старшыні аблвыканкама.