Адкрыццё абноўленага музея «Памяць» у віцебскай СШ № 15 імя М. Чуманіхінай (мікрараён Руба) прымеркавалі да Дня народнага адзінства. І гэта невыпадкова. Як адзначыў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін, толькі разам мы зможам зрабіць многае. І ў нашай гісторыі таму ёсць шмат прыкладаў.
– Для мяне гэтая ўстанова адукацыі не чужая, тут прайшлі мае школьныя гады. З упэўненасцю можна сказаць, што настаўнікі закладваюць той фундамент, які неабходны для далейшага шляху. Калі смела ісці наперад, адважвацца, абавязкова ўсё атрымаецца і можна дамагчыся многага, – адзначыў Аляксандр Субоцін. – Напярэдадні Дня народнага адзінства – маладога свята, мы яшчэ раз асэнсоўваем яго важнасць. Бо калі ваяваць адзін з адным, знікнуць народ, краіна, нацыя. Але мы гэтага не дапусцім, толькі разам зможам многае. Жадаю дзецям заўсёды быць адзінымі.
Кіраўнік вобласці азнаёміўся з пераўтварэннямі школы і адзначыў, што за кароткі час тут усё змянілася як звонку, так і ўнутры. І трансфармацыя ўстановы адукацыі працягваецца.
У сценах школы таксама адкрылі абноўленую экспазіцыю музея «Памяць», які расчыніў свае дзверы яшчэ ў 1987 годзе. Сёння ён налічвае каля 500 экспанатаў: дакументы, фотаздымкі, прадметы побыту, фрагменты зброі, матэрыялы пра герояў-франтавікоў з гарпасёлка Руба, бліжэйшых вёсак і многае іншае.
– Яшчэ вучаніцай школы была тут экскурсаводам, – расказала настаўніца гісторыі Вольга Сапсалёва. – Гэтым летам музей рэканструявалі, ён стаў інтэрактыўным. Першая экспазіцыя распавядае пра пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Акцэнтуем увагу дзяцей на тым, што з першых хвілін савецкі народ аказаў жорсткі супраціў. Другі зала «Дні і ночы фашысцкай няволі» – самы ўражлівы для навучэнцаў. Тут – разбураная печ, абпаленыя сцены, калючы дрот, фотаздымкі вязняў канцлагераў наглядна дэманструюць звярствы нямецкіх акупантаў. У іншых залах – гаворым пра партызанскі рух (у раёне Рубы дзейнічала тры такія брыгады), гарады-героі, якія як магутныя бастыёны сустрэлі нацыстаў, дарогах Перамогі.