У Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М. Машэрава ў гэтым навучальным годзе збіраюцца адкрыць школу будучых афіцэраў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў ВНУ.

Набіраць у школу будучых афіцэраў будуць навучэнцаў 8-11-х класаў. У ёй школьнікі змогуць набыць веды і ўменні ў галіне агульнавайсковай падрыхтоўкі, вывучыць узоры стралковай зброі, гранатамётаў, баявых машын. Таксама юнакам дапамогуць авалодаць асновамі тактыкі дзеянняў салдата ў баі, даведацца, з чым можа сутыкнуцца курсант у працэсе навучання ў вышэйшай ваеннай навучальнай установе ў першыя месяцы службы і заняткаў на палігоне.

У школе будуць працаваць дасведчаныя афіцэры - выкладчыкі ваеннай кафедры ўніверсітэта. Тэрмін навучання складзе сем месяцаў, пасля заканчэння навучэнцы атрымаюць сертыфікаты.

У ВДУ імя П.М. Машэрава штогод набіраюць школы юных крыміналістаў, праграмістаў, журналістаў, аматараў замежных моў і па іншых спецыяльнасцях. Яны закліканы навучыць юнакоў і дзяўчат асновам прафесіі і дапамагчы ў яе выбары.

Ваенная кафедра ў Віцебскім дзяржуніверсітэце працуе з 2007 года. Яна з'яўляецца структурным падраздзяленнем ВНУ і праводзіць навучанне студэнтаў па праграмах падрыхтоўкі малодшых камандзіраў (сержантаў) і афіцэраў запасу. У канцы другога этапу навучання праводзіцца выніковая практыка ў воінскіх часцях Узброеных Сіл Беларусі.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)