Намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў і старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» Валянціна Багатырова ў ролі Дзядулі Мароза і Снягуркі павіншавалі 20 мам і іх нованароджаных малых з надыходзячым Новым годам.

– Вось так шумна, у навагодняй атмасферы і з падарункамі малыя праводзяць першыя дні свайго жыцця. Няхай свята заўсёды пануе ў вашай душы, а дзеці прыносяць радасць, – звярнуўся да мам Вячаслаў Дурноў.

У радзільню прынеслі шмат падарункаў, якія дапамогуць мамам даглядаць за сваімі дзецьмі, а таксама за сабой.

– У Новы год заўсёды прыемна дарыць падарункі. Яны падымаюць настрой і прыносяць радасць мамам і малышам, – адзначыла Валянціна Багатырова.

Падарункі і віншаванні мамы з малымі таксама атрымалі ад начальніка УУС Віцебскага аблвыканкама Андрэя Любімава, начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіла Вішневецкага і прадстаўнікі іншых арганізацый і ўстаноў горада.

– На сённяшні дзень 65% родаў – гэта тыя, хто прыйшоў ва ўстанову аховы здароўя за другім і трэцім дзіцем. І гэта кажа нам пра тое, што нашы людзі ўпэўненыя ў заўтрашнім дні, яны будуюць сем'і і нараджаюць дзяцей, таму што ў нашай краіне створаны для гэтага ўсе ўмовы, – адзначыла галоўны ўрач Віцебскага абласнога клінічнага радзільнага дома Алена Леановіч.

Так, жыхарка Докшыц Кацярына Васінкевіч учора ў пяты раз стала мамай. Малую назвалі Вікторыяй. Сястрычку з нецярпеннем чакаюць дома 20-гадовы Антон, 18-гадовая Дар'я, 8-гадовая Карына і 4-гадовы Аляксандр.

– Ва ўсіх дзяцей дні нараджэння прыпадаюць на вясну і восень, а тут упершыню дзяўчынка з'явілася на свет напярэдадні Новага года. Цяпер зімой будзем адзначаць некалькі святаў, – сказала шматдзетная маці. – Я ўжо не першы раз нараджаю ў гэтым радзільным доме, тут выдатны персанал і добрыя ўмовы знаходжання. Таму хочацца выказаць усім вялікую падзяку!

Алена Мацюшонак з Сенна таксама ўпершыню будзе святкаваць Новы год у радзільным доме, але зусім не засмучана гэтым, бо, паводле яе слоў, дзіця – гэта лепшы падарунак на ўсё жыццё.

– Чатыры гады таму я нарадзіла першага сына Віктара, а 27 снежня другога. Назваў Аляксандрам. Вельмі рада, настрой выдатны, і мне тут камфортна, але сумую па доме, ды і муж з сынам з нецярпеннем чакаюць нас, – расказала Алена Мацюшонак.

vitebsk-region.gov.by