Прамысловы комплекс Віцебшчыны робіць стаўку на высокатэхналагічную прадукцыю.
Пра гэта гаварылася на пасяджэнні аблвыканкама, на якім абмяркоўвалася сацыяльна-эканамічнае развіццё Віцебскай вобласці за І квартал 2025 года і павышэнне эфектыўнасці работы арганізацый.
У гутарцы з журналістамі намеснік старшыні аблвыканкама Анжаліка Нікіціна адзначыла, што, улічваючы дастаткова высокую базу па ўсіх параметрах аналагічнага перыяду мінулага года, у І квартале 2025-га мы спрацавалі годна. Забяспечаны прырост прамысловай вытворчасці на 102,7 % (без уліку нафтапрадуктаў з-за сітуацыі, якая склалася на рынку), павялічаны тавараабарот рознічнага гандлю і грамадскага харчавання, інвестыцый у асноўны капітал, пасажыра- і грузаабарот. Найбольшы прырост у высокатэхналагічных секцыях – фармацэўтыка, электраабсталяванне і шмат інш. Усе заданні выкананы будаўнічай галіной, у тым ліку па ўводзе жылля. Па асобных паказчыках ледзь не дабраў сельскагаспадарчы комплекс. Але адставанне будзе ліквідавана па выніках 5 месяцаў.
Цяпер Віцебшчына – адзін з нямногіх рэгіёнаў, які выконвае паказчык па экспарце ў Расійскую Федэрацыю. У цэлым да канца першага паўгоддзя плануецца забяспечыць тэмп росту паставак за мяжу на ўзроўні 105 %.
Імпартазамяшчальную прадукцыю выпускаюць 94 прадпрыемствы, адзінаццаць – пачынаюць новыя праекты.
Актыўна вядзецца работа ў рамках «Рэгіянальнай ініцыятывы»: ужо заяўлена 4 праекты, яшчэ 15 на стадыі разгляду.
На пасяджэнні аблвыканкама прааналізаваны недапрацоўкі і рэзервы, якія дазволяць павысіць эфектыўнасць эканомікі Віцебшчыны.