Ход выканання распараджэння Прэзідэнта аб павышэнні эфектыўнасці работы сістэмы аховы здароўя і план па яго рэалізацыі абмеркавалі на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама.

– Праведзена вялікая работа па выкананні задач па ўдасканаленні сістэмы аховы здароўя, якія былі пастаўлены кіраўніком дзяржавы, – адзначыў у гутарцы з журналістамі начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіл Вішневецкі. – Вялікая работа праведзена па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы структурных падраздзяленняў устаноў аховы здароўя на вёсцы – ФАПаў, урачэбных амбулаторый – і яна яшчэ працягваецца. Застаецца актуальнай кадравая сітуацыя, гэтай праблемай мы займаемся, у тым ліку праз прафарыентацыйную работу. Гэта і перападрыхтоўка існуючых спецыялістаў, павышэнне кваліфікацыі з тым, каб яны маглі аказваць дапамогу насельніцтву кваліфікавана і своечасова. Актуальнай сёння застаецца і матэрыяльна-тэхнічная праблема – патрабуецца абнаўленне парку тэхнікі і медыцынскага абсталявання. Ужо запланавана вялікая пастаўка УГД-апаратаў, эндаскапічнага і іншага абсталявання туды, дзе яно асабліва неабходна, каб зняць чэргі і максімальна паскорыць абследаванне насельніцтва. Думаю, што ў першым паўгоддзі наступнага года яно будзе ўстаноўлена. Гэта значна палегчыць працу. Паралельна для працы на гэтай апаратуры ідзе падрыхтоўка спецыялістаў ва ўстановах адукацыі.

Закрануў кіраўнік абласнога ведамства аховы здароўя і тэму рэканструкцыі і рамонту Віцебскай абласной клінічнай інфекцыйнай бальніцы, якая пачалася сёлета і, незалежна ад сезона, працягваецца.

– Мы ўнеслі некаторыя змены, прынята рашэнне, што ў гэтай установе будзе ўстаноўлены магнітна-рэзанансны тамограф, – паведаміў Міхаіл Вішневецкі. – Гэтага патрабуе сучасная медыцына і сучасныя падыходы. Аб'ект плануем увесці ў наступным годзе. Фінансавыя рэсурсы для гэтага выдзелены ў поўным аб'ёме.

vitebsk-region.gov.by