Да канца гэтага года сярэдні надой на карову на Віцебшчыне павінен скласці не менш за 4,7 тыс. л малака. Такая задача пастаўлена перад аграрыямі на пасяджэнні аблвыканкама, дзе абмяркоўваліся вынікі работы галіны жывёлагадоўлі за 2024 год.
Варта адзначыць, што гэта стане чарговым рэкордам за ўсю гісторыю рэгіёна. Нагадаем, што ў 2023-м надой на карову склаў 4225 л, у 2024-м – 4504 л.
Адкрываючы пасяджэнне, старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін сказаў, што па выніках работы за 2024 год адзначаны пазітыўныя моманты. Але ёсць над чым працаваць, куды расці і што дадаваць. Жывёлагадоўля прыносіць асноўныя грошы аграрнай галіны, фарміруе базу для падаткаабкладання, таму для развіцця гэтага сектара трэба вырашаць бягучыя праблемы і стратэгічныя перспектывы.
Як паведаміла першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Наталля Бортнік, да мінулага года вытворчасць валавой прадукцыі жывёлагадоўлі павялічана на 5,6 %. У яе структуры на малако прыпадае 46,9 %, вырошчванне КАР – 12,1 %, свініны – 16,3 %, птушкі – 19 %, вытворчасць яек – 5,7 %.
Найвышэйшая прадуктыўнасць дайнага статка была ў Аршанскім раёне – 7085 л на карову, Гарадоцкім – 6625 л, Віцебскім – 6594 л. У мінулым годзе на 97 сучасных малочна-таварных комплексах утрымлівалася 60 тыс. галоў, або 36 % пагалоўя. Сярэдні надой на іх склаў 5843 кг, што вышэй за сярэднеабласны паказчык на 30 %. Да канца 2024-га ўведзена ў эксплуатацыю яшчэ 11 новых МТК на 7 тыс. галоў, пачата будаўніцтва дзесяці аб'ектаў.
Вытворчасць свініны вырасла на 2,4 % пры сярэднясутачным прыросьце 640 г. Ёсць рэзервы для павышэння паказчыка за кошт новых рэпрадуктараў і рэканструяваных адкормачных пляцовак.
Вырошчванне птушкі павялічылася на 14,6 % (лепшы паказчык у краіне), выраблена 450 млн яек (на адну курыцу прыпадала 309 штук). Дадзеныя паказчыкі таксама з'яўляюцца лепшымі за ўсю гісторыю рэгіёна.
На пасяджэнні абмеркаваны праблемныя моманты тэхналогіі ўтрымання жывёлы, павышэння якасці прадукцыі і эфектыўнасці работы. У гутарцы з журналістамі старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Андрэй Булаўкін падкрэсліў, што па ўсіх сферах галіны аграрыі бачаць дарогу, па якой трэба ісці.
Абмяркоўвалася і кадравае пытанне. Перад удзельнікамі пасяджэння выступіла рэктар Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Вольга Гарлова. Яна папрасіла кіраўнікоў рэгіёнаў, аграпрамысловых аб'яднанняў, сельгаспрадпрыемстваў актывізаваць прафарыентацыйную работу з выпускнікамі школ для фарміравання ў гаспадарках кадравага патэнцыялу. У прыватнасці, Вольга Гарлова паведаміла, што на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі рабяты могуць стаць студэнтамі ветэрынарнай акадэміі без экзаменаў ужо ў пачатку ліпеня. Падчас вучобы яны будуць мець даплаты да стыпендыі, а пасля атрымання дыплома – гарантаванае месца працы з кантрактам на пяць гадоў і матэрыяльнымі бонусамі. З умовамі паступлення можна азнаёміцца на сайце ВНУ, на старонках у Telegram і Instagram.