У Свята-Успенскім кафедральным саборы Віцебска падчас патрыятычнай акцыі "Славу агульнай Перамозе!" прайшла ўрачыстая цырымонія змяшчэння зямлі з 15 воінскіх пахаванняў у імянную капсулу горада, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Удзельнікамі падзеі сталі прадстаўнікі органаў улады, грамадскіх арганізацый, прадпрыемстваў, навучэнцы, вайскоўцы, педагогі, духавенства. Школьнікі ва ўрачыстай абстаноўцы з імянных мяшочкаў перасыпалі зямлю ў агульную капсулу, якая будзе захоўвацца ў храме.

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны і Узброеных Сіл Мікалай Яноў акцэнтаваў увагу на важнасці падобных памятных мерапрыемстваў. "Прыемна, што моладзь шануе памяць загінулых. Вайна прынесла шмат гора людзям, але дзякуючы адзінству мы перамаглі ў ёй", - адзначыў ветэран.

На тэрыторыі Віцебскай вобласці знаходзіцца амаль 1,5 тыс. воінскіх пахаванняў, у якіх спачываюць больш за 400 тыс. чалавек. За імі замацаваны арганізацыі, прадпрыемствы, навучальныя ўстановы. Так, навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя №5 прыборабудавання клапоцяцца пра магілу невядомага салдата на сацыяльным участку каля Віцебска. Напярэдадні 75-годдзя Перамогі рабяты прынялі ўдзел у акцыі. "Мы жывём у часы, калі спрабуюць перапісаць гісторыю, сведак тых падзей становіцца ўсё менш, таму важна не толькі захаваць памяць пра подзвіг нашага народа, але і асэнсаваць яго моладдзю", - падкрэсліла намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ліцэя Іна Курганава.

Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў дадаў, што зямлю з кожнага раёна вобласці вясной 2020 года прывязуць на знакавы мемарыяльны комплекс "Прарыў" ва Ушацкі раён. Як плануецца, урачыстае мерапрыемства пройдзе 4 ці 5 мая - у дні прарыву партызанамі нямецкага акружэння.

Патрыятычная акцыя "Славу агульнай Перамозе!" у раёнах Віцебскай вобласці праходзіць у два этапы. Яе асноўная частка запланавана на гэтую восень і вясну 2020 года. Капсулы з інфармацыяй пра загінулых, зямлёй з рэгіёнаў перададуць для закладкі ў крыпту Храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)