Вадзім Дзявятоўскі гатовы да барацьбы за траплянне на летнюю Алімпіяду ў Лондане
5.4.20120 праглядаў
5 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Срэбны прызёр Алімпіяды-2008 Вадзім Дзевятоўскі гатовы да барацьбы за траплянне на летнюю Алімпіяду-2012 у Лондане. Пра гэта паведаміў сёння, адказваючы на пытанні журналістаў, начальнік упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Партной у час сустрэчы з кандыдатамі ў нацыянальную алімпійскую зборную, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Гэта вельмі сур'ёзны спартсмен і шматгранны чалавек. Нават сутыкнуўшыся з праблемамі (пасля знясільваючай двухгадовай цяжбы з Міжнародным алімпійскім камітэтам, звязанай з гучным допінгавым скандалам, Вадзім Дзевятоўскі змог вярнуць сабе медалі пекінскіх Гульняў і добрае імя. - Заўв. БЕЛТА), ён працягваў трэніравацца, рыхтавацца да новых перамог", - сказаў Міхаіл Партной. Паводле яго слоў, у цяперашні час спартсмен увайшоў у прымальную форму і гатовы змагацца за ліцэнзію на лонданскую Алімпіяду. "Вадзім Дзевятоўскі - вельмі моцны чалавек, і ён сам гатовы да гэтага. Мы спадзяёмся, што гэта адбудзецца", - падкрэсліў начальнік упраўлення, дадаўшы, што ўся Віцебская вобласць хварэе за гэтага спартсмена.
Сустрэча з кандыдатамі ў нацыянальную алімпійскую зборную адбылася ў Віцебскім аблвыканкаме. Галоўнымі ўдзельніцамі сустрэчы сталі срэбны прызёр Алімпійскіх гульняў у штурханні ядром Наталля Міхневіч і бронзавы прызёр чэмпіянату свету ў бегу з бар'ерамі Аліна Талай. Спартсменкі з задавальненнем адказалі на пытанні членаў Клуба юных алімпійцаў гімназіі №5 і вучылішча алімпійскага рэзерву.
Так, Наталля Міхневіч, прызналася, што куміраў у спорце ў яе няма, але ёсць людзі, на дасягненні якіх яна раўняецца. Поспехаў у спорце ёй дапамагаюць дасягаць трэнер і, вядома, сям'я - муж і сын Ілья, якому зараз чатыры з паловай гады. Для падрыхтоўкі да летніх Алімпійскіх гульняў у Лондане спартсменка зрабіла вялікую працу і ў бліжэйшы час плануе ўвайсці ў прымальную фізічную форму. Пры гэтым узровень сваёй гатоўнасці яна ацэньвае значна вышэй у параўнанні з пекінскай Алімпіядай, на падрыхтоўку да якой у Наталлі ў сувязі з нараджэннем сына быў усяго год.
Трэніроўкі ў інтэнсіўным рэжыме праходзіць зараз і яшчэ адна надзея Віцебскай вобласці Аліна Талай. Асноўная задача, над выкананнем якой працуе спартсменка, заключаецца ў павышэнні сілы. "Ёсць хуткасць, цягавітасць, неабходна толькі павысіць сілу", - сказала яна. "Складанасцей у падрыхтоўцы няма. Думаю, што ўсё будзе выдатна", - дадала Аліна Талай. Пры гэтым яна прызналася, што, як і ў любога іншага спартсмена, яе мэта - алімпійскае золата.
Арганізатарам мерапрыемства выступіла прадстаўніцтва НАК у Віцебскай вобласці.-0-
БЕЛТА