29 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Срэбны прызёр Алімпійскіх гульняў у Пекіне 2008 года Вадзім Дзевятоўскі мае намер будучай вясной станоўча вырашыць пытанне свайго ўдзелу ў летняй Алімпіядзе 2012 года ў Лондане. Пра гэта спартсмен паведаміў сёння журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА. "Я пастараюся не адцягваць атрыманне алімпійскай ліцэнзіі і ўжо вясной 2012 года вырашыць гэту праблему", - сказаў Вадзім Дзевятоўскі. Заваёва ліцэнзіі можа адбыцца падчас аднаго з міжнародных турніраў або розыгрышаў Гран-пры па лёгкай атлетыцы, але пакуль Вадзім не стаў удакладняць канкрэтныя старты са сваім удзелам. Гэта стане першым выступленнем атлета на афіцыйных спаборніцтвах пасля вымушанай паўзы, выкліканай судовай цяжбой з МАК. "Я пастаянна трэніруюся, з тэхнікай праблем няма, і, спадзяюся, застаўся байцом", - упэўнена дадаў Вадзім Дзевятоўскі. Папярэдне спартсмен разглядаў магчымасць свайго ўдзелу ў сусветным першынстве 2011 года, якое пройдзе 27 жніўня - 4 верасня ў Паўднёвай Карэі. Аднак па выніках паглыбленага медыцынскага абследавання ўрачы параілі спартсмену адкласці гэтае выступленне і сканцэнтравацца на будучых алімпійскіх стартах. Даецца ў знакі ўзмоцненая падрыхтоўка да Алімпіяды-2008, а таксама наступная барацьба ў судовых інстанцыях за вяртанне алімпійскага медаля, што запатрабавала поўнай мабілізацыі маральна-волевых якасцей, растлумачыў Вадзім Дзевятоўскі. Асноўнай задачай удзелу ў Алімпіядзе-2012 для Вадзіма Дзевятоўскага з'яўляецца заваёва медаля. Тым самым спартсмен спадзяецца даказаць заканамернасць свайго пекінскага поспеху і прадэманстраваць, што беларуская школа кідальнікаў заслужана лічыцца адной з наймацнейшых у свеце, мае вялікія традыцыі і велізарны патэнцыял.-0-

БЕЛТА