22 красавіка, Мінск /Васіль Малашэнкаў - БЕЛТА/. Наяўная валюта можа з'явіцца ў абменных пунктах у маі. Пра гэта журналістам паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення валютнага рэгулявання валютнага кантролю Нацбанка Беларусі Анатоль Мароз, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Мы чакаем знешніх запазычанняў. У першую чаргу праведзены перамовы з Расійскай Федэрацыяй. Яна запатрабавала ад нас праграму мер па выхадзе з крызісу, якая ўжо прадстаўлена. На наступным тыдні, а можа быць і ў маі, гэтае пытанне павінна быць вырашана. Пасля гэтага будуць зроблены ўсе крокі па стабілізацыі валютнага рынку Рэспублікі Беларусь", - растлумачыў Анатоль Мароз і дадаў, што пасля гэтага з'явіцца наяўная валюта. Ён таксама адзначыў, што курс долара ў Br3,8 тыс. - гэта адэкватная ацэнка. "Той курс, які цяпер выстаўляецца на пазабіржавым рынку, - завышаны". Акрамя таго, Анатоль Мароз паведаміў, што паступленне валютнай выручкі ў студзені склала каля $2 млрд. Такія ж паказчыкі былі ў лютым, у сакавіку - больш за $3,5 млрд. "Эканоміка, можна сказаць, ужо запрацавала. У красавіку мы ідзем такімі ж тэмпамі па паступленні валютнай выручкі", - адзначыў прадстаўнік Нацбанка. Анатоль Мароз падкрэсліў, што ажыятаж вакол абменнікаў стварылі самі фізічныя асобы. Спачатку было павышэнне попыту ўвосень 2010 года, калі пасля пэўных антыкрызісных мер ажыятаж узнік ва Украіне. "Наша насельніцтва "сарафанным радыё" таксама падняло ажыятаж", - сказаў спецыяліст. Затым ажыятаж узнік і ў гэтым годзе. На думку прадстаўніка Нацбанка, сітуацыю "падпалілі" СМІ. "Калі б насельніцтва купляла валюту і аддавала гэтыя грошы ў банкаўскую сферу, быў бы іншы рэзананс", - адзначыў ён. Па дадзеных Нацбанка, у студзені 2011 года насельніцтва купіла $50 млн., у лютым - толькі $12 млн., а ўжо ў сакавіку - $700 млн. За ўвесь мінулы год было набыта $1,5 млрд. Больш таго, многія захоўваюць грошы не дома, а ў банкаўскіх сейфах. "Вольных сейфаў у банках вы зараз не знойдзеце", - адзначыў Анатоль Мароз.-0-

БЕЛТА