16 ліпеня, Мінск /Кацярына Нячаева - БЕЛТА/. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка і старшыня Савета Рэспублікі Анатоль Рубінаў прымуць удзел у III Сусветнай канферэнцыі спікераў парламентаў, якая будзе праходзіць з 19 па 21 ліпеня ў Жэневе. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.
Плануецца, што спікеры абедзвюх палат беларускага парламента выступяць на канферэнцыі падчас агульных дэбатаў на тэму "Парламенты ў свеце крызісу: забеспячэнне глабальнай дэмакратычнай падсправаздачнасці і адказнасці ў інтарэсах усеагульнага дабра". У прыватнасці, Уладзімір Андрэйчанка адлюструе "праблематыку глабальнага крызісу і ключавую ролю парламента ў посткрызісным развіцці грамадства". Прадугледжаны таксама шэраг двухбаковых сустрэч і перамоваў з кіраўнікамі парламентаў замежных краін. Дарэчы, аб сваім удзеле ў форуме заявілі больш за 150 спікераў парламентаў краін - удзельніц Міжпарламенцкага саюза.
На канферэнцыі будуць таксама прадстаўлены даклады аб зробленай працы за перыяд з 2005 года, яе ўдзельнікі маюць намер абмеркаваць, як ідзе дасягненне мэт у галіне развіцця, абвешчаных у Дэкларацыі тысячагоддзя ААН, якімі павінны быць глабальныя стандарты дэмакратычных парламентаў, а таксама спосабы ўмацавання Міжпарламенцкага саюза і яго ўзаемаадносін з ААН. Вынікам канферэнцыі павінна стаць падпісанне дэкларацыі, сугучнай з галоўнай тэмай форуму "Парламенты ў свеце крызісу: забеспячэнне глабальнай дэмакратычнай падсправаздачнасці і адказнасці ў інтарэсах усеагульнага дабра".
Сусветная канферэнцыя спікераў парламентаў - гэта аўтарытэтны форум, які праходзіць адзін раз у 5 гадоў і мае вялікае палітычнае значэнне для правядзення работы па ўмацаванні пазіцый кожнай дзяржавы на міжнароднай арэне і развіццю супрацоўніцтва з парламентамі іншых краін. Кіраўнікі абедзвюх палат Нацыянальнага сходу Беларусі прымалі актыўны ўдзел у працы 1-й і 2-й сусветных канферэнцый спікераў парламентаў, якія праходзілі ў 2000 і 2005 гадах у штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку.
БЕЛТА
В.Андрэйчанка і А.Рубінаў выступяць на III Сусветнай канферэнцыі спікераў парламентаў у Жэневе
16.7.20100 праглядаў