17 жніўня, Глыбокае /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Народны выбраннік павінен абараняць інтарэсы сваёй краіны і шчыра хварэць за яе лёс. Такое меркаванне выказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА аб якасцях, якімі павінен валодаць дэпутат, каб прафесійна спраўляцца са сваімі абавязкамі. "Перш за ўсё гэта павінен быць развіты чалавек, патрыёт сваёй краіны, які шчыра хварэе за яе лёс. Народнаму выбранніку немагчыма быць дэпутатам толькі па акрузе і адстойваць інтарэсы канкрэтнага кола людзей. Ён павінен абараняць інтарэсы краіны ў цэлым. Гэта павінен быць усебакова развіты чалавек, мудры па жыцці, таму што трэба пісаць законы, па якіх будзе жыць наша краіна і наша грамадства", - перакананы Уладзімір Андрэйчанка. Ён таксама лічыць, што народны выбраннік павінен карыстацца аўтарытэтам у выбарчай акрузе, бо яго праца наўпрост звязана з цесным узаемадзеяннем з насельніцтвам: трэба прымаць і выконваць наказы ад людзей, разглядаць іх звароты. У Палаце прадстаўнікоў пятага склікання могуць з'явіцца публічныя, вядомыя персоны. "Гэта нармальная з'ява", - дадаў старшыня Палаты прадстаўнікоў. З нагоды працы цяперашніх парламентарыяў ён сказаў: "Думаю, у гэтым парламенце працавалі мудрыя людзі, якія шмат зрабілі: за гэты час прынята больш за 400 законаў, падпісаных кіраўніком дзяржавы. Важна, што напружаная праца праходзіла пастаянна ўнутры. Мы не выносілі нейкія рознагалоссі ў Авальную залу, працавалі прафесійна". Уладзімір Андрэйчанка выказаў надзею, што і будучы парламент, тыя, хто ў яго ўвойдуць, захаваюць пераемнасць у гэтай працы. "Час ідзе наперад. Хацелася б, каб будучыя дэпутаты ўносілі новыя перспектыўныя ідэі, каб парламент быў дыскусійнай пляцоўкай для вырашэння шэрагу і ўнутраных, і знешнепалітычных пытанняў", - дадаў спікер. У Глыбокім старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка прымае ўдзел у пасяджэнні Савета старэйшын і Савета маладых спецыялістаў з удзелам корпуса цяперашніх кіраўнікоў Глыбоцкага раёна.-0-

БЕЛТА