Спортсмены Віцебскай вобласці з'яўляюцца кандыдатамі на ўдзел у алімпійскіх гульнях у Токіо ў дзевяці відах спорту.
Спортсмены Віцебскай вобласці з'яўляюцца кандыдатамі на ўдзел у алімпійскіх гульнях у Токіо ў дзевяці відах спорту.
Пра гэта напярэдадні Дня работнікаў фізічнай культуры і спорту Беларусі паведаміў начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Васіль Захарэвіч. Ён таксама распавёў аб чарговых поспехах спартсменаў Віцебшчыны, будаўніцтве новых спартзбудаванняў і паведаміў, як асабістым прыкладам прапагандуе здаровы лад жыцця.
– Чым азнаменаваўся пачатак гэтага года?
– На афіцыйных міжнародных стартах спартсменамі вобласці заваявана 24 узнагароды. У прыватнасці, яркія ўражанні пакінулі выступленні Максіма Нядосекава на чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы ў памяшканні. Ён заняў першае месца ў скачках у вышыню і паказаў лепшы вынік сезона ў свеце. Традыцыйна парадавалі сваімі медальнымі выступленнямі прадстаўнікі скачкоў на батуце, якія бліснулі на чэмпіянаце і першынстве Еўропы ў Сочы.
Працягваюцца работы па будаўніцтве і рэканструкцыі спартзбудаванняў. Гаворка аб фізкультурна-аздараўленчым комплексе з плавальным басейнам у Чашніках, плавальным басейнам у Глыбокім, капітальным рамонце з элементамі мадэрнізацыі фізкультурна-аздараўленчых комплексаў у Оршы і аграгарадку Бабінічы Аршанскага раёна, стадыёне ў Шуміліна.
– Спрагназуйце, калі ласка, каму са спартсменаў вобласці пад сілу заваяваць узнагароды на алімпіядзе.
– Прагнозы ў спорце – справа няўдзячная. І я не люблю іх даваць. Спадзяюся, спартсмены Віцебскай вобласці выступяць паспяхова, а тыя, каму не ўдасца заваяваць прызавыя месцы, пакажуць свае лепшыя вынікі.
– Наколькі ведаю, вы асабістым прыкладам прапагандуеце здаровы лад жыцця…
– У мінулым я прафесійны валейбаліст. У складзе каманды Гомеля быў прызёрам чэмпіянату Беларусі. Кажуць, былых спартсменаў не бывае. Вось і я стараюся знайсці час і магчымасці для заняткаў спортам. Мы штотыдзень з кіраўнікамі падраздзяленняў аблвыканкама збіраемся пагуляць у валейбол. Акрамя таго, два разы на тыдзень гуляю ў тэніс.
– А вашы дзеці звязаны са спортам?
– Сыны пайшлі па маіх слядах. Старэйшы – трэнер адной з наймацнейшых каманд жаночага чэмпіянату Беларусі: мазырскай «Жамчужыны Палесся». Малодшы сын – неаднаразовы чэмпіён Беларусі, гуляе ў нацыянальнай зборнай. Дачка – дызайнер, прыхільніца здаровага ладу жыцця.
– Якія вашы заўзятарскія прыхільнасці ў спорце?
– Абажаю глядзець спаборніцтвы па гульнявых відах. Зразумела, хвалююся за каманды Віцебскай вобласці. Па магчымасці стараюся наведваць у абласным цэнтры хатнія матчы футбольнага «Віцебска», валейбольнага «Марка-ВГТУ», баскетбольнага «Рубона» і іншых нашых дружын. Рэгулярна гляджу матчы па гульнявых відах і біятлоне па тэлевізары. Усё жыццё хвалююся за футбольнае «Дынама» (Кіеў). Дарэчы, парадаваўся, што каманда ў гэтым годзе пасля зацяжнога перапынку вярнула сабе чэмпіёнскае званне ў першынстве Украіны і нядрэнна выступіла на еўрапейскай арэне. У хакеі і баскетболе таксама з савецкіх часоў я прыхільнік маскоўскага ЦСКА.
– Як вы адпачываеце ад спорту?
– Бывае настрой, калі хочацца ўстрымацца. Люблю бываць на прыродзе – люблю збіраць грыбы і рыбачыць. Таксама абажаю кулінарыць, асабліва гатаваць шашлык.
– Вярнемся да прафесійнага свята. Што пажадаеце сваім калегам у Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту?
– Глыбокую падзяку хачу выказаць трэнерам за іх прафесіяналізм, кампетэнтнасць, адказнае стаўленне да справы, а таксама за цярпенне і настойлівасць. Асаблівыя словы прызнальнасці нашым ветэранам – людзям, якія ўнеслі годны асабісты ўклад у стварэнне трывалага фундамента будаўніцтва галіны, выхаванне падрастаючага пакалення. Перад работнікамі галіны стаяць адказныя задачы, накіраваныя на рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў сферы фізічнай культуры, спорту і турызму. Упэўнены, кожны прыкладзе максімум намаганняў, каб з гэтымі задачамі паспяхова справіцца. Віншую ўсіх калег, аматараў спорту з прафесійным святам. Жадаю ўсім работнікам галіны моцнага здароўя, міру і дабрабыту, а спартсменам – новых дасягненняў і яркіх перамог на карысць роднай Беларусі!
Крыніца: vitebsk-region.gov.by