«Нашы дзеці» – галоўная дабрачынная падзея зімы, урачыстае адкрыццё якой адбылося ў КЗ «Віцебск». Сёлета маштабная навагодняя акцыя праходзіць пад дэвізам «Акадэмія добрых спраў».
Урачыстае адкрыццё акцыі стала яркім інтэрактыўным святам. У прамым эфіры ў фармаце тэлемоста кіраўніцтва вобласці і дзеці прынялі ўдзел у рэспубліканскім старце.
Як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома, у кожным раёне вобласці запланавана вялікая колькасць мерапрыемстваў, каб ніводнае дзіця не засталося без увагі. Дзякуючы ўдзелу дарослых акцыя ператвараецца ў месяц дабра.
Падрыхтоўка да адкрыцця была вельмі сур'ёзнай і заняла нямала часу. Мама вакалісткі Алеся Цішкевіч расказала, што яе дачка апошнія дзесяць дзён рэпетавала свой нумар па 3 гадзіны.
– Для дачкі гэта не простае творчае захапленне. Яна з усёй адказнасцю рыхтавалася да гэтай падзеі, таму што ў нас у сям'і ёсць дзіця-інвалід, і мы ведаем, наколькі падобныя акцыі важныя, – адзначыла Алеся Цішкевіч.
На ўрачыстым адкрыцці акцыі ў Вольгі Лапачкінай роля Зімы. Да яе яна рыхтавалася з асаблівым хваляваннем: шматдзетная мама не па чутках ведае, як малыя вераць у казку і чакаюць менавіта гэтай пары года з-за навагодняга чараўніцтва.