21 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Вечарына-сустрэча Якуба Коласа пройдзе ў тэатры яго імя ў Віцебску ў дзень нараджэння народнага паэта 3 лістапада, распавялі карэспандэнту БЕЛТА ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа. Да 130-годдзя з дня нараджэння беларускага песняра тэатр, які носіць яго імя з 1944 года, падрыхтаваў праграму, дзе знайшлося месца і Якубу Коласу, і яго вядомаму герою Сымону-музыку і любімым жанчынам паэта. Як адзначылі ў тэатры, вечарына-сустрэча - новая форма зносін з гледачом. Месцам яе правядзення стала тэатральная гасцёўня, якая ў гэтым сезоне ўпершыню расчыніць дзверы. Такім чынам, у тэатра нароўні з вялікай і камернай сценамі з'явіцца яшчэ адна пляцоўка. У гэтым сезоне тут пройдуць вечарына-прысвячэнне Анатолю Верцінскаму, вечарына памяці беларускага скульптара Уладзіміра Жбанава і вечарына беларускага гумару, а адкрыецца гасцёўня 25 кастрычніка "Прызнаннем" аб любові ў лістах і песнях. Аўтар, пастаноўшчык і выканаўца дырэктар і мастацкі кіраўнік тэатра заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Валерый Анісенка. Тэатралаў чакае і яшчэ адно прыемнае новаўвядзенне - тэатральны буфет. Як ні дзіўна, але да гэтага часу ў акадэмічным тэатры яго не было. А бо тэатральны буфет - гэта з'ява культуры. Ён прыцягвае не толькі гледачоў, але і тэатральных крытыкаў, драматургаў, для якіх буфет часам становіцца месцам працы. Кажуць, што вадэвіль "Мядзведзь" Антон Чэхаў напісаў на буфетнай сурвэтцы. Калісьці тэатральныя буфеты канкуравалі не менш, чым самі тэатры. Адкрыццё буфета ў віцебскім тэатры будзе прымеркавана да адкрыцця чарговага 87 тэатральнага сезона, якое запланавана на 5 кастрычніка.-0-

БЕЛТА