11 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Вейкбордынг з'явіўся ў Беларусі. Першая ў краіне лінейная канатная дарога для катання на водных лыжах пачала працаваць на тэрыторыі Полацкага раёна, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Полацкім райвыканкаме. Вейкбордынг - экстрэмальны від спорту, які з кожным годам набірае усё большую папулярнасць, што ўяўляе сабой сукупнасць водных лыж, сноўборда, серфінгу і скейтборда. Існуе дзве разнавіднасці катання на вейкбордзе: кабельны вейкбордынг і катанне за катэрам. Кабельным вейкбордынгам цяпер можна займацца на возеры каля вёскі Гвоздава недалёка ад Полацка і Наваполацка. Арганізатарам новай забавы стаў майстар спорту міжнароднага класа па водных лыжах, неаднаразовы пераможца і прызёр этапаў Кубка свету, US Masters, Ukraine Open і іншых самых прэстыжных міжнародных спаборніцтваў па водных лыжах Герман Белякоў. Прэзентацыя новай для Беларусі спартыўнай забавы адбудзецца 21 ліпеня. У праграме запланаваны паказальныя выступленні райдараў з Мінска і Санкт-Пецярбурга. Для жадаючых выпрабаваць вострыя адчуванні будзе арганізавана бясплатнае катанне на водных лыжах. Пры гэтым арганізатары правядуць інструктаж, выдадуць ім неабходную экіпіроўку. Мясцовыя ўлады паклапоцяцца аб тым, каб астатнім адпачывальнікам таксама было камфортна і весела, і арганізуюць святочны гандаль, конкурсы і забавы для гледачоў. Нягледзячы на тое, што шырокае прадстаўленне вейкбордынгу яшчэ наперадзе, у мясцовых жыхароў ён карыстаецца вялікай папулярнасцю з першых дзён працы. Як адзначаюць у райвыканкаме, падобныя забавы, арганізаваныя прафесіяналамі, спрыяюць развіццю турызму ў раёне, прапагандуюць здаровы актыўны адпачынак. -0-

БЕЛТА