Сёлета ДПУ "Бярэзінскі біясферны запаведнік" адзначае 100-годдзе.

У юбілейны год абнавілі цэнтральную сядзібу, у якой размешчаны цікавыя арт-аб'екты экалагічнай накіраванасці. Па новай традыцыі запаведніка прынята пацерці нос або зубы ў скульптуры сямейства баброў, каб шчасліва пражыць да 100 гадоў. А для маленькіх наведвальнікаў пабудавалі дзіцячы комплекс з пчалкамі, дзе цікава праводзіць час на свежым паветры.

- Мы прапануем розныя экскурсіі ў дзікую прыроду. Напрыклад, "Птушкі восенняга лесу", "У краі рэвучага аленя", "Рэчкавы будаўнік", "Загадкавы свет балот", падчас якіх можна пачуць або ўбачыць прадстаўнікоў жывёльнага і расліннага свету запаведніка ў іх натуральным асяроддзі пражывання, - падзялілася начальнік навуковага аддзела Бярэзінскага біясфернага запаведніка Анастасія Рыжкова.

Найбольшай папулярнасцю ў турыстаў карыстаецца лясная запаведная экасцежка, дзе ўсяго за пару гадзін можна азнаёміцца з рознымі тыпамі экасістэм, прадстаўнікамі флоры і фаўны.

Дарэчы, зусім хутка ў небе над Бярэзінскім можна будзе назіраць за міграцыяй пералётных птушак. З аглядзістай вышкі на лясной сцежцы адкрываецца від на вялікія прасторы балота. Па драўляным насціле прайшоўшы ўглыб, убачыце россып журавін і разнастайнасць мохаў. Шмат новага і цікавага пра першабытныя лясы і балоты і іх насельнікаў і расліны раскажа экскурсавод.

- Плануем далей развіваць кантраляваны экалагічны турызм і мадэрнізаваць інфраструктуру для аматараў прыроды ў Бярэзінскім запаведніку. Вельмі хутка адкрыецца пасля рэканструкцыі Дом экалагічнай асветы з новым Музеем запаведнай справы. Таксама працягнецца праграма зялёных школ для дзяцей, - падзялілася Анастасія Рыжкова.